Сена едзе ў Францыю

  • 1469
  • 11:15
  • 24.01.2008
Поделиться
Гэта сапраўды так. Камунальнае сельскагаспадарчае унітарнае прадпрыемства “Саўгас “Краснаакцябрскі” Буда-Кашалёўскага раёна даўно наладзіла партнёрскія сувязі з конна-спартыўнай школай, цыркам, некаторымі іншымі аналагічнымі структурамі. Калі тыя едуць на спаборніцтвы або гастролі ў далёкія краіны, то закупляюць корм для коней менавіта ў гэтай гаспадарцы. І не выпадкова. Наша сена ў некалькі разоў таннейшае, напрыклад, за французскае. А па пажыўных якасцях, вітамінах не ўступае замежнаму. Ад рэа-лізацыі такога корму сельгаспрадпрыемства мае кожны год прыбытак. Ды і для ўласнай жывёлы сена вельмі патрэбна. Вось таму ў самых складаных умовах сёлетняй корманарыхтоўкі, калі амаль штодзённа ідуць дажджы, сена пастаянна назапашваецца. Па яго нарыхтоўцы саўгас упэўнена трымае першае месца ў раёне. На цэнтральную жывёлагадоўчую ферму пад павеці сена завезена ўжо больш за трыццаць працэнтаў да плана.
Цюкі з ім тут невялікія — па дваццаць кілаграмаў кожны, а не па некалькі сотняў кілаграмаў, як гэта часта практыкуецца. Іх лёгка і зручна перавозіць, а таксама раздаваць жывёле. Немалаважна і тое, што пастаянна выбарачна можна цюкаваць сена. Для гэтых мэт выкарыстоўваюцца старэнькія па тэрмінах эксплуатацыі, але ўдасканаленыя саўгаснымі ўмельцамі прэс-падборшчыкі нямецкай вытворчасці. Іх гаспадарка закупляе нават у Віцебскай вобласці. Бесперабойную і якасную работу на прэсах забяспечваюць вопытныя механізатары Уладзімір Андрэевіч Сычоў і Сяргей Аляксеевіч Кузьмянкоў. Траву на сена скошваюць на сельмашаўскіх касілках звенавы механізаванага звяна па нарыхтоўцы гэтага корму Віктар Віктаравіч Сановіч і Мікалай Мікалаевіч Грабеннікаў. Асабліва адказная работа ў меха-нізатараў, якія зграбаюць, падварушваюць і падсушваюць сена. Яны для гэтай работы стараюцца выкарыстаць кожную пагодлівую хвіліну. Нярэдка і ў дождж дзяжураць на полі. Як толькі выглядае сонейка і трава падсыхае, адразу ж прыступаюць да работы.
У гаспадарцы мне паведамілі, што з асаблівай дакладнасцю выконваецца тэхналагічны працэс па нарыхтоўцы і складзіраванню сена. Да гэтага трэба сказаць, што пад павецямі абсталявана сістэма для актыўнай вентыляцыі сена, у якое часткова дабаўляецца і соль. Таму па вільготнасці і іншых якасных паказчыках яно адпавядае нарматывам. Можа транспарціравацца не толькі ў Польшчу ці Францыю, а і ў больш далёкія краіны.
Эфектыўна працуе таксама механізаванае звяно па закладцы сенажу і сіласу. Гэтых кармоў нарыхтавана ўжо каля дзвюх тысяч тон. Усяго ў сельгаспрадпрыемстве на пачатак тыдня нарыхтавана больш трох цэнтнераў травяністых кармоў з разліку на ўмоўную галаву жывёлы, амаль у два разы больш, чым на адпаведную дату летась. І па гэтым паказчыку саўгас упэўнена лідзіруе ў раёне.
На корм жывёле плануецца выкарыстаць травы другога ўкосу і кукурузу.
Сцяпан БАЛОТКІН

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей