Першым чынам поле, а дзяўчаты потым

  • 1495
  • 11:15
  • 24.01.2008
Поделиться
Угадайце з трох спроб: хто на гэтым здымку? Скажаце, што за загадка? Малады, прыгожы, статны хлопец! Усё так. Толькі ён не беларус, а... швейцарац.
Завуць нашага госця Марцін Біры. Прыязджае ён у Добрушскі раён ужо трэці год запар. У камунальным сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве “Новы шлях” праходзіў практыку, калі вучыўся ў адной з вышэйшых сельскагаспадарчых навучальных устаноў Швейцарыі па спецыяльнасці інжынер-аграном. Нават дыпломную работу абараніў з выкарыстаннем фактараў развіцця беларускай гаспадаркі.
Пасля заканчэння вучобы дабіўся, каб яго накіравалі на работу ў “Новы шлях”. Прывёз з сабой лепшыя гатункі сельскагаспадарчых культур, у першую чаргу бульбы, каб заняцца вырошчваннем іх у нашых умовах.
Мы пагутарылi з Марцінам з дапамогай добрушскай настаўніцы Ніны Васільеўны Кротавай, якая выдатна ведае замежную мову.
— Я сюды прыехаў таму, што хачу бліжэй пазнаёміцца з жыццём беларусаў, магчымасцямі вашай сельгасвытворчасці, — расказаў Марцін. — Тут мне многае падабаецца, а ў першую чаргу дабрыня і гасціннасць вашых людзей. Больш канкрэтна пакуль нічога сказаць не магу. Тут усё для мяне новае, да ўсяго прыглядаюся, вывучаю.
— І ўсё ж, паклаўшы, як у нас кажуць, руку на сэрца, скажы, ці падабаюцца табе нашы дзяўчаты?
— Слоў няма, вельмі прыгожыя. Пакуль нават цяжка аддаць каму перавагу.
— Калi-небудзь, глядзіш, і жэнішся на беларусачцы. Або не?
Марцін хітравата ўсміхнуўся:
— Чаму ж не. Магчыма, і жанюся тут. Але буду ў такіх далікатных пытаннях шчырым. Сам разумееш, цяжка дакладна аб гэтым сказаць. Толькі зараз у мяне на першым плане работа ў новых умовах. Цягне прастор вашых палёў, краявідаў. А дзяўчаты ўжо потым. Ды і куды без іх дзенешся?
На тым і развіталіся. Але дамовіліся зноў сустрэцца ў вёсцы Ігаўка — цэнтры сельгаспрадпрыемства. Як я даведаўся, зараз Марцін працуе ў “Новым шляху”. Жыве на кватэры ў адной з пенсіянерак. І нават дапамагае ёй па хатняй гаспадарцы. Большасць часу пакуль праводзіць у полі. Сяўба, яна ўсюды сяўба.
Сцяпан БАЛОТКІН

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей