400 цэнтнераў бульбы — не мяжа

  • 1429
  • 11:15
  • 24.01.2008
Поделиться
Многія гамяльчане на восеньскіх сельскагаспадарчых кірмашах выбіралі прылаўкі з агароднінай і садавінай, якімі гандлявалі фермеры. Павышаным попытам карысталіся грушы, памідоры, капуста, сталовыя буракі.
Аб гэтым нагадаў старшыня праўлення асацыяцыі фермераў вобласці М. Л. Байда на нарадзе вясковых прадпрымальнікаў пры падвядзенні вынікаў работы за мінулы год. Міхась Лявонавіч адзначыў, што ў распараджэнні фермераў 1,5 працэнта ворыўных зямель вобласці, а далі яны летась 8,9 працэнта прадукцыі раслінаводства. Найбольш відавочныя поспехі ў вытворчасці гародніны. Жыткавіцкія фермеры вырасцілі яе амаль у два разы больш, чым грамадскія сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна, разам узятыя. Гародніна выдатнай якасці, таму няма праблем з яе рэалізацыяй.
Добра папрацавалі прыватнікі на бульбяных палетках. Толькі за год яны павялічылі ўраджайнасць клубняў амаль на 40 цэнтнераў. Акцябрскія і жыткавіцкія фермеры сабралі з гектара па 262 цэнтнеры “другога хлеба”, асобныя бульбаводы авалодалі рубяжом у 400 цэнтнераў.
Менш актыўна займаюцца фермеры жывёлагадоўляй. Але тыя прыватныя прадпрымальнікі, якія ўтрымліваюць кароў, дабіваюцца прыкметных вынікаў. Калі ў 2002 годзе ў фермерскіх гаспадарках сярэдні надой ад каровы не дасягаў 3000 кілаграмаў малака, то ў 2005 годзе ён узрос да 4031 кілаграма. У Лоеўскім раёне гэты паказчык складае 4887 кілаграмаў, не намнога меншая ўдойнасць кароў на фермерскіх падвор’ях Веткаўшчыны.
На нарадзе размова ішла не толькі і не столькі аб дасягненнях, а ў асноўным аб праблемах, з якімі сутыкаюцца фермеры. На іх погляд, у большасці раёнаў прыватнікам выдзяляюцца горшыя і больш аддаленыя землі, кіраўніцтва сельскіх гаспадарак не дае ў арэнду жывёлагадоўчыя памяшканні, якімі ніхто не карыстаецца.
Шмат увагі было ўдзелена пытанням дапамогі фермерам з боку дзяржавы. Адзначалася, што летась выдзелена больш як 700 мільёнаў рублёў бюджэтнай пазыкі, фермерскімі гаспадаркамі набыта 23 трактары. Усяго з розных крыніц ім аказана грашовай дапамогі на суму 1,4 мільярда рублёў. Тым не менш, адзначыў М. Л. Байда, фермеры атрымліваюць пакуль меншую падтрымку, чым грамадскія сельгаспрадпрыемствы. У многіх раёнах не ўсе выдзеленыя мінеральныя ўгнаенні, гаруча-змазачныя матэрыялы даходзілі да прыватнікаў, райсельгасхарчы аддавалі перавагу сельгаспрадпрыемствам.
Старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама Л. М. Апанасюк запэўніў, што сёлета фермерам будзе ўдзяляцца значна больш увагі. Вырашана, што размяркоўваць тукі будзе асацыяцыя фермераў вобласці. Усё гэта будзе садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці работы суб’ектаў гаспадарання розных форм уласнасці ў сельскай гаспадарцы.
Сцяпан БАЛОТКІН

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей