Як я была капітанам iнтэлектуальнай каманды

  • 1982
  • 11:15
  • 24.01.2008
Поделиться
“Что наша жизнь? Игра!”, і сава варочае галавой і лупае вачыма, а потым Варашылаў: “Добры вечар, паважаныя знатакі, у інтэлектуальным клубе, дзе кожны можа зарабіць грошы сваім уласным розумам”. Прыкладна так і прайшло маё дзяцінства ля блакітнага экрана ў чаканні адной з усяго дзвюх перадач на тагачасным тэлебачанні, якія з’яўляліся прынцыпова савецкім ноу-хау, а не былі перапісаны з заходніх сцэнарыяў. Уладзімір Якаўлевіч, сапраўды, сам прыдумаў гэтую цудоўную гульню-жыццё, ці жыццё-гульню пад назвай “Што? Дзе? Калі?”, якой на 10 гадоў больш, чым, напрыклад, мне, і якая да гэтага часу прыцягвае ўвагу мільёнаў людзей.

КЛІМОВІЧЫ. Леанід Валянцінавіч — капітан каманды “Хатні бусел”, заснавальнік гомельскага клуба інтэлектуальных гульняў “Белая рысь” ды і наогул інтэлектуальнага руху ў Беларусі — Беларускай лігі інтэлектуальных каманд. Побач з ім заўсёды ягоная жонка Тамара Васільеўна. Гэта яна аўтар ідэі ўручэння прэміі “Буслянка” — своеасаблівага інтэлектуальнага “Оскара” для знатакоў. Клімовічы — анёлы-ахоўнікі для маладых гомельскіх разумнікаў. Хто аднойчы завітае ў клуб, потым проста не мае сілаў кінуць гэтую справу. І я не выключэнне.
МАЯ КАМАНДА. Першы мой прыход на трэніроўку адбыўся ажно ў 1998 годзе. З тых часоў былі перыяды, калі я па два гады не заходзіла ў клуб, але гульня настолькі зацягвае, што ўсё роўна я кожны раз вяртаюся! Шчыра кажучы, я дакладна ўжо і не ведаю, які зараз па ліку склад у маёй камандзе. Нязменнымі застаюцца тры рэчы: мая сціплая асоба ў ролі капітана, назва каманды “Ойра” (старажытны славянскі пераможны кліч) і гульнёвы азарт.
Сённяшняе вяртанне ў клуб было абумоўлена жаданнем паўдзельнічаць у першым чэмпіянаце Беларусі па “Што? Дзе? Калі?” сярод студэнтаў. А для гэтага трэба было стварыць каманду з прадстаўнікоў філфака ГДУ імя Ф. Скарыны, дзе я вучуся. Хлопцаў там мала, таму мая каманда стала жаночай.
МАЕ КАПІТАНСКІЯ АБАВЯЗКІ. Калі ты капітан цудоўнай каманды, то гэта не толькі прыемна, але і адказна. З асноўных функцый: выпраменьваць з сябе вар’яцкую энергетыку і ўвасабляць у сабе веру ў перамогу так, каб у яе паверыла ўся каманда, руліць працэсам абмеркавання пытання падчас гульні, сачыць за тым, каб ігракі накідвалі версіі, дапамагаць іх раскручваць і абавязкова(!) ў апошні момант выбіраць з іх адзіна правільную. Акрамя ўсяго, я яшчэ перыядычна асабіста адказваю на пытанні. А яшчэ прымаю ў адносінах да каманды драконаўскія меры — дысцыпліна жорсткая, за парушэнне яе — выганяю. Катэгарычна забараняецца песімістычны настрой. Нельга таксама выкрыкваць правільныя адказы падчас абмеркавання пытанняў, ствараць шум, “наязджаць” адзін на аднаго. Не ведаю, як гэта ўсё трываюць мае ігракі, але мне наогул здаецца, што яны ў тым ліку і за гэта мяне любяць.
ГУЛЬНЯ. На першым адборы мы былі дзесьці на апошніх месцах. Але дрэнна пачынаць, а потым выкарабквацца наверх — гэта ў традыцыях маёй каманды. І сапраўды, у выніку высоўваемся на шостае месца з
17-га. Гэта дазволіла нам удзельнічаць у наступнай стадыі.
Яшчэ ёсць у нас звычка: калі дадумаліся да правільнага адказу, пачынаем выдумляць прыкольныя — так званыя прыватныя версіі, якія пішуцца ў дужках і не прымаюцца да ўвагі суддзяў. З нядаўняга: “Куры бываюць пяці відаў — мясныя, яйкавыя, мяса-яйкавыя, дэкаратыўныя... Назавіце пяты від кур!”. Я даю адказ амаль на першай секундзе — гэта байцовыя куры. Трэба ж нешта рабіць яшчэ 55 секунд — выдумляем: грыпозныя куры...
Але вернемся да адбору на першы студэнцкі чэмпіянат Беларусі па “Што? Дзе? Калі?”. Чытаюць першыя пытанні — мы адказваем правільна на адно за другім. Надзея вітае ў паветры, але паступова пачынаем “здувацца”. Крыўдна, таму што, як чуем правільны адказ, разумеем, што ну зусім трошачкі недакруцілі... Асаблівы ж кайф, калі пытанні раскручваюцца ўсёй камандай. Гэта нагадвае валейбол: адзін прыняў мяч, другі навесіў, трэці пераможна закалаціў. Вось пытанне: “Рускамоўная жанчына зайшла ў краму ў Германіі. Ёй патрэбна была мышалоўка, але па-нямецку яна не размаўляла. Яна вымавіла тры словы. Прадавец зразумеў і прынёс ёй мышалоўку. Узнавіце гэтыя тры словы, калі першыя два з іх — гэта вядомы мульцяшны персанаж”. Пачынаем абмеркаванне. Персанаж — зразумела Мікі Маус. А вось трэцяе слова... Памёр?.. Узгадваем як філолагі, што слова “памёр” — гэта значыць сам пакінуў гэты свет, а тут мышалоўка... Кілер?.. Але ж гэта той, хто сам забівае... І тут сыходзіць азарэнне: “Мікі Маус капут!” Уся каманда ляжыць на стале і б’ецца ў істэрыцы ад рогату. Гэта правільны адказ!
АФІЦЫЙНЫЯ ВЫНІКІ. Адбор на фінал чэмпіянату прайшлі чатыры гомельскія студэнцкія зборныя, якія па выніках гульні занялі адпаведна чатыры першыя месцы: “Alba-Longa”, “Кааперацыя монстраў”, “Белая рысь” і “Заапарк”. Няма сумненняў, што нашы каманды будуць біцца за тое, каб годна прадставіць вобласць на спаборніцтвах. Застаецца пажадаць ім поспехаў. Ад сябе дадам, што каманда “Ойра” будзе трымаць пальцы за Вольгу Клімовіч і каманду “Белая рысь”. Удачы і натхнення, рысяняты!
Наталля СТАРЧАНКА

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей