А ліфт не працуе...

  • 1542
  • 11:14
  • 24.01.2008
Поделиться
Старэнькая бабулька да кватэры дабіралася з большай цяжкасцю, чым альпініст на вяршыню Эльбруса. Яна прыпынялася амаль праз кожную ступеньку, адпачывала... Дом васемнаццаціпавярховы. Дайсці да верхніх паверхаў чалавеку ў такім узросце, ды яшчэ хвораму, вельмі цяжка.


Пакутуюць зараз і многія іншыя жыхары шматпавярховага дома па вуліцы Ільіча, 61 у Гомелі. А ліфт? Тут устаноўлены нават два — пасажырскі на чатыры месцы і грузапасажырскі на шэсць. І раней былі выпадкі паломак, нават людзі застравалі ў ліфтах. Але не надоўга. Хутка прыязджалі рамонтнікі і ліквідавалі няспраўнасць. Ды і ў рэдкіх выпадках выходзілі са строю адразу два ліфты. Пасля Новага года грузапасажырскі ліфт выйшаў са строю надоўга. На пасажырскі значна ўзрасла нагрузка, таму і ён часта ламаецца. Людзі скардзяцца ў рэдакцыю, што ліфт доўгі час не рамантуецца. Чаму? Гэтае пытанне адрасую майстру Навабеліцкага ўчастка закрытага акцыянернага таварыства “Гомельліфт” Г. М. Цімашэнку.
— На гэты раз паломка аказалася сур’ёзнай, — гаворыць Генадзь Міхайлавіч, — выйшаў са строю матор. На рамонт нам павінны пералічыць грошы. Як толькі яны паступяць, пачнем яго.
Больш канкрэтна ўдакладняе сітуацыю генеральны дырэктар прадпрыемства В. У. Карніенка, які паведамляе, што, згодна з доўгатэрміновымі дагаворамі, “Гомельліфт” праводзіць дробныя рамонты і трымае ліфты на абслугоўванні. Калі ж патрабуюцца значныя рамонты або рэканструкцыя ліфтаў, то заказчыкі папярэдне плацяць за работу грошы. Без папярэдняй аплаты рамонтнікі працаваць не могуць, бо і так у даўгах як у шаўках. З кіраўніцтвам ЖРЭТ “Навабеліцкае” раней непаразуменняў не было. Летась, напрыклад, гэтае прадпрыемства своечасова пералічыла грошы на карэнную мадэрнізацыю шасці ліфтаў. Работа была выканана якасна і ў вызначаныя тэрміны. А вось за рамонт грузапасажырскага ліфта ў вышэйназваным доме сёлета грошы не пералічваюцца. Таму і рамонт не вядзецца.
Галоўны інжынер ЖРЭТ “Навабеліцкае” М. І. Якавенка не згодны з такім каментарыем.
— Умовы першага дагавору аплаты рамонту ліфта гэтае прадпрыемства прадаставіла нам яшчэ 6 студзеня 2006 года, — тлумачыць Мікалай Іванавіч. — Незразумела толькі, чаму была выстаўлена сума ў два мільёны семсот дваццаць тысяч дзвесце дваццаць шэсць рублёў. Мы палічылі, што на гэты раз партнёры занадта перабольшылі ацэнку сваіх паслуг. Такую суму мы плаціць адмовіліся. Правялі паўторнае сумеснае абследаванне паломкі і вызначылі кошт рамонту. У новым дагаворы значыцца, што плаціць за рамонт ліфта трэба адзін мільён сто шэсцьдзесят дзевяць тысяч трыста дваццаць шэсць рублёў. Бачыце розніцу?.. Зараз грошы аплацім, і ліфт будзе адрамантаваны.
Здаецца, усё стала на сваё месца. Бяда, аднак, у тым, што паўторны дагавор датаваны 13 студзеня, а на пачатак гэтага тыдня грошы яшчэ не былі пералічаны. А пакуль кіраўніцтва двух прадпрыемстваў канфліктуе, грузапасажырскі ліфт не працуе.
С. КАЛЮЖНЫ
Рисунок М.БАЛЯ

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей