“Танцаваць ніколі не позна!”

  • 1886
  • 11:14
  • 24.01.2008
Поделиться
“Вясёлы маленькі сеньёр” — так клічуць яго за мяжой, далёка ад роднай Беларусі. Фёдар Балабайка — старэйшы з танцораў Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”, заслужаны артыст рэспублікі.
Кожны выхад яго на сцэну выклікае ў гледачоў хвалю весялосці і гумару. І сапраўды, нельга не ўсміхнуцца, калі ён кандыбоберам, быццам певень, рушыць у танцы да маладзенькіх дзяўчатак — салістак “Харошак”. Гэта трэба бачыць!
Фёдар Балабайка даў эксклюзіўнае інтэрв’ю для “Гомельскай праўды”.
— Змяняюцца пакаленні танцораў, а вы — своеасаблівая “візітоўка” “Харошак”, прыкмета іх вечнай маладосці і лёгкасці ў танцы. Хацелася б даведацца, як вы пачыналі, адкуль родам?
— Я магілёўскі, колісь скончыў там вучылішча металістаў — якраз пачыналі будаваць вытворчасць лаўсана і нас рыхтавалі для прадпрыемства. Аднак мы закончылі вучобу яшчэ да заканчэння будаўніцтва і таму накіравалі нас у Светлагорск, на “Хімвалакно”. Так што на Гомельшчыне на пачатку працоўнага шляху ад-працаваў дзевяць месяцаў слесарам кантрольна-вымяральных прыбораў і апаратуры.
А танцаваць пачаў з 18 гадоў, калі вярнуўся ў Магілёў: на заводзе імя Кірава працаваў у кацельні і танцаваў у ансамблі “Вяснянка” у Палацы культуры аўтазавода. Адным з кіраўнікоў калектыву і была наш цяперашні мастацкі кіраўнік і галоўны балетмайстар Валянціна Іванаўна Гаявая.
— Ды і назву сваю “Харошкі” атрымалі, наколькі вядома, ад аднайменнай вёскі на Магілёўшчыне, якая славілася сваімі таленавітымі людзьмі...
— Так, на пачатку на аснове фальклорнага матэрыялу гэтай вёсачкі і распрацоўвалася наша праграма. У 1974-м, калі з’явіўся намер стварыць пры філармоніі ў Мінску такі харэаграфічны калектыў, мяне, 25-гадовага, запрасілі і я трымаў іспыт перад журы. Дарэчы, менавіта Валянціна Іванаўна настойвала, каб мяне ўзялі, бо журы напалову падзялілася ў сваім меркаванні. Адны былі за тое, каб я стаў
удзельнікам, другія — супраць. Аднак, як бачыце, танцую і сёння ў “Харошках”. І ўсім кажу, што танцаваць ніколі не позна!
— Неяк давялося прачытаць такую ацэнку італьянскай прэсы: ”Выступленне “Харошак” — гэта цудоўнае падарожжа ў свет моцных пачуццяў і эмоцый, падарожжа з такой дынамікай і страсцю, якое нікога не можа пакінуць раўнадушным”. Сапраўды, ваш калектыў вельмі любімы і папулярны. Народнасць вышэйшай спробы! Такое ўражанне, быццам вашы продкі спакон веку толькі і займаліся танцамі...
— Маці мая — Валянціна Фёдараўна Цеплякова, масквічка. Яна расказвала, што колісь танцавала ў філіяле Вялікага тэатра... Якраз напярэдадні вайны яна выйшла замуж за беларуса, засталася тут... А ў калектыве разам са мной танцавала жонка, Вольга Васільеўна. Зараз яна на пенсіі, выкладае ў харэаграфічнай школе №2 г. Мінска, рыхтуе кадры для нашага ансамбля.
— А чым займаюцца вашы дзеці?
— Сын Ягор паспрабаваў сябе дзі-джэем, а цяпер у мінскім цырку працуе уніфармістам. Нам з маці нядаўна падкінуў невялічкага сабачку на выхаванне. Гадуем яго цяпер.
— Якія вашы любімыя танцы ў сённяшнім рэпертуары “Харошак”?
— Кадрыль “Лянсей”, “Месцячковы вальс”, “Пава”, полька “Весялуха” — гэта асноўныя мае танцы, любімыя.
— Цікава, а які вы гаспадар у доме?
— Практычна на ўсё здатны! Пафарбаваць, падклеіць, кран парамантаваць. Усё стараюся сам рабіць, я ж з рабочага класа ў танцы падаўся. Канешне, калі што вельмі складанае і аб’ёмнае, то і наймаць прыходзіцца, не без таго.
— А як падтрымліваеце сябе ў такой спартыўнай форме?
— Ды ніякіх асаблівых рэцэптаў. Лазню наведваю, але доўга парыцца не люблю: тры разочкі зайду ў парылку, і мне хапае.
— Куды толькі не заязджалі “Харошкі”! Польшча, Вялікабрытанія, Італія, Іспанія, Іарданія, Сірыя, Індыя, Бельгія, Люксембург, Кіпр, Лівія... І гэта не ўвесь яшчэ спіс. А дзе цяпер у асноўным гастралюеце?
— Радуем свайго, беларускага гледача. Ён самы ўдзячны. Прыязджаеш у глыбінку і чуеш ад 70-гадовых бабуль: “Ой, дзетачкі, вы ж так танцуеце, што ўзмакрэлі! А мы ж думалі, што танцаваць — не працаваць”. Прыемна пачуць гэта ад людзей сталага веку, якія шмат перажылі, пабачылі.
Гутарку вяла Тамара КРУЧЭНКА

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей