“Тэлепартацыя-2005”: будзем зорак гукаць

  • 2929
  • 11:14
  • 24.01.2008
Поделиться
Як і абяцалі, расказваем пра тое, што засталося за кадрам “Тэлепартацыі” — самай яркай падзеі ў беларускім шоу-бізнесе гэтага года! А засталіся — прыколы цырымоніі, каментарыі, віншаванні і аўтографы зорак для нашых чытачоў! Паглядзім!
Прыкальніся
Гурт “J-Морс”, у якога ад адчування ўласнай велічыні, напэўна, знесла дах, выйшаў на сцэну... без мікрафона... Сітуацыю паспрабавалі выправіць браты Запашныя, якія пажартавалі, што мікрафон знёс Філіп Кіркораў, які ўжо тэлефанаваў на гэты конт і абяцаў хутка яго вярнуць. Так знакамітым дрэсіроўшчыкам удалося разрадзіць напружаную атмасферу.
На цырымоніі ў якасці ганаровай госці выступала і пераможца дзіцячага “Еўрабачання” мазыранка Ксенія Сітнік. Пасля таго як дзяўчынка выканала сваю песню і сышла за кулісы, яе акружылі прыхільнікі, што жадалі ўзяць аўтограф і сфатаграфавацца з маленькай “зоркай”. Аднак хутка Ксенія знікла, а па калідорах папаўзлі настойлівыя чуткі, што яе выклікала да сябе Анжаліка Агурбаш. Цікава, калі гэта так, то што яны абмяркоўвалі? Можа быць, свае выступленні на "Еўрабачанні"?
Дзяўчаты з “Merry Poppins” неахвотна пазіравалі перад фотакамерамі і дэманстравалі ўзнагароды “Тэлепартацыі”, калі да іх падышоў генеральны дырэктар “Первого музыкального” Валерый Краўчук, які пажадаў з імі сфатаграфавацца. Рыжанькія сястрычкі Валерыя Канстанцінавіча не пазналі і адмовілі ў гэтай прыязнасці, прыйшлося яму прадставіцца. Дзяўчаткі апамяталіся ды запрасілі спадара Краўчука сфатаграфавацца з імі.
“Тяни-Толкай”-цы наадварот былі ў добрым настроі і бесперапынна сыпалі хохмачкамі. Мала таго, што яны пачалі навагоднія віншаванні лідскаму тэлебачанню з слоў “Дарагія лідчане, лідчанкі і лідчаняты!”, дык яшчэ і пакусалі тэлепартацыйную статуэтку, намагаючыся высветліць, сапраўдная яна ці не.
Браты Запашныя відавочна карысталіся прыхільнасцю залы, асабліва пасля таго, як расказалі наступны выпадак. Неяк да іх падышла маленькая дзяўчынка і радасна закрычала: “А я вас ведаю! Вы вядомыя браты Клічко, вы яшчэ спяваеце: “Хлопай ресницами и взлетай!” Атрымаліся тыгры, бокс і казкі ў адным флаконе!
Наталля Старчанка.
Фота Насці ДРЫГО

У кулуарах
Макс, гурт “Плазма”:
— Мне спадабаўся ўзровень беларускіх выканаўцаў. Я стаяў за кулісамі, і жывы гук ляцеў з залы ў скажоным выглядзе, але я гля-дзеў арганізацыю шоу, карцінку відэа на экране — усё было вельмі хутка, дакладна, весела, без залішняй мітусні. Яшчэ мне спадабалася песня гурта “Тяни-Толкай”. Яе спявала ўся зала — гэта хіт! А чытачам “Молодежного пульса” мне хочацца пажадаць шчасця, удачы і весялосці ў новым годзе!

Люся Лушчык, ві-джэй “Первого музыкального”:
— Усё прайшло добра. Я задаволена. Адзінае, з-за чаго я страшэнна перажывала ўвесь час, дык гэта з-за маіх пераапрананняў. Кожны раз хвалявалася, ці не забыла ў запарцы апрануць нешта накшталт бялізны, альбо з-за таго, што буду вылятаць на сцэну, зашпільваючы вопратку. Калі казаць пра мае ўласныя сімпатыі, то лічу, што перамога гурта “Тяни-Толкай” цалкам заслужаная. Я іх вельмі люблю. Вось толькі хацелася б, каб гран-пры было яшчэ штучак пяць, каб уручыць іх і іншым выканаўцам, якія гэтага вартыя і за якіх я перажывала.

Уладзімір Пугач, гурт “J-Морс”:
— Нам вельмі прыемна, што шоу такога ўзроўню ўсё-такі магчыма правесці ў Мінску. Гэта было вельмі добра спланаванае і арганізаванае мерапрыемства. Вялікі дзякуй гледачам, якія за нас галасавалі — мы будзем старацца спяваць для іх і далей! Усіх з надыходзячым Новым годам!

Влада, “Дынаміка года”:
— Дзякуй кожнаму гледачу, які галасаваў за мяне! Гэта вельмі прыемна! Мяне перапаўняюць эмоцыі! Чытачоў “Гомельскай праўды” з надыходзячым 2006-м! Жадаю ўдачы!

Замест эпілога
З “Тэлепартацыі” я вярталася ў Гомель цягніком у вагоне з тэлевізарамі і музыкай. Непадалёку ад мяне сядзела жанчына гадоў пяцідзесяці. Пры першых гуках песні “3000 шагов” (за кліп на якую атрымалі свае тэлепартацыйныя прызы “Тяни-Толкай”-цы) яна ўзарвалася: “Вырубіце гэтую ахінею! Што за песня такая! Абы-што! Хто гэта ўключыў? Вырубіце! Інакш я пайду скардзіцца!” І як тут не ўспомніць старажытных рымлянаў з іх “аб густах не спрачаюцца”...
Тэлеверсія "Тэлепартацыі" — заўтра на "Першым музыкальным".

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей