Салодка-горкі смак заакіянскага хлеба

  • 2345
  • 11:14
  • 24.01.2008
Поделиться
На свет паглядзець ды сябе паказаць — нармальнае жаданне любога чалавека,
асабліва маладога, асабліва студэнта. Найбольш прывабная краіна для гэтай мэты — канешне ж, Злучаныя Штаты Амерыкі. Па-першае, гэта далёка, “за бугром”,
па-другое, авеяна рамантычным арэолам таямніцы, па-трэцяе, кажуць, што там можна зрабіць шалёныя грошы літаральна з паветра… А паколькі студэнты — народ якраз небагаты, у большасці сваёй авантурны і прадпрымальны, то яны амаль цалкам
і складаюць асноўны даход розных фірм па адпраўцы на працу за мяжу.
Студэнтка пятага курса ГДУ імя Ф. Скарыны Наталля Мішота таксама захапілася перспектывай з’ездзіць у ЗША. Дакладней кажучы, яна наслухалася расказаў сябровак-аднагрупніц, якія ўжо там пабывалі і якім там вельмі спадабалася. Вось і Наташа, тады яна вучылася на трэцім курсе, сяк-так угаварыла бацькоў даць дазвол на паездку і пачала збіраць грошы…
А грошай спатрэбілася шмат! Фірма, якая арганізоўвала выезд, адразу ўвосень сабрала з кліентаў па 250 тысяч рублёў на афармленне дакументаў. Потым жадаючым давялося аддаць 600 долараў на аплату праграмы свайго знаходжання ў ЗША, 100 долараў консульскага ўзносу і яшчэ 600 долараў на білеты. Няхітрыя падлікі паказваюць ужо на суму ў 1500 долараў, а гэта без уліку шматлікіх паездак у Мінск за візай і Маскву, адкуль ажыццяўляецца вылет.
Не забудзьце і пра тое, што сесію трэба здаваць датэрмінова, а, шчыра кажучы, не ўсе выкладчыкі ідуць насустрач і вітаюць ініцыятыву маладых людзей палепшыць свой “інгліш” у Амерыцы, нават калі гаворка ідзе пра студэнтаў факультэта замежных моў. Карацей, загадзя здаць сесію становіцца цэлай праблемай, бо паездка за мяжу наогул не з’яўляецца ўважлівай прычынай для пераносу здачы экзаменаў на больш ранні перыяд.
Але будзем лічыць, што ўсе справіліся з гэтай задачай. Тады паўстае наступная: як дабрацца да месца пражывання? Вядома ж, праз акіян — толькі на самалёце. Ляцець танней з перасадкай, а таму студэнты звычайна бяруць білет да Парыжа, а потым з Парыжа да Нью-Йорка. Наташа зрабіла гэтак жа, як і некалькі іншых студэнтак, што паляцелі з ёй. Прыбыўшы ў Парыж, яны высветлілі, што знаходзяцца ў другім па велічыні аэрапорце Еўропы — аэрапорце імя Шарля дэ Голя і свайго рэйса на Нью-Йорк ім давядзецца чакаць 12 гадзін. За межамі аэрапорта — Парыж, але паглядзець яго немагчыма, таму што нельга наогул выходзіць з будынка — дзяўчаты не набылі транзітнай візы… Вось і ўявіце сабе: 12 гадзін быць у Парыжы і нават не пабачыць яго…
Ад сталіцы Францыі да Нью-Йорка ляцець нядоўга, а таму праз некалькі гадзін Наталля і яе сяброўкі-беларускі ўжо знаходзіліся ў знакамітым амерыканскім горадзе кантрастаў! Праўда, захапляцца краявідамі часу не знайшлося, бо трэба было ехаць у Атланцік-Сіці, дзе згодна з дамовай яны павінны былі жыць. Дзяўчаты шукалі жыллё шэсць гадзін запар — усюды было ці занадта дорага, ці занята. Урэшце знайшлі самае таннае — гатэль, пакой у якім каштаваў 250 долараў у тыдзень. Наталля жыла разам з сяброўкай — значыць па 125 з кожнай. Улічваючы, што з сабой студэнткі ўзялі па 300 і яшчэ нешта патрацілі па дарозе, то на астатні тэрмін ім заставалася каля 100 долараў, што па амерыканскім меркам — амаль катастрофа.
Дарэчы, пра гатэль. Пакой, што здымалі дзяўчаты, уяўляў сабой 12 квадратных метраў прасторы, два паўтарачных матраца на падлозе (і ніякіх ложкаў), камод у тры шуфлядкі, ракавіну, акно, а таксама душ і туалет, разлічаныя на два сумежныя пакоі. Потым, каб знізіць кошт гэтага “шыкоўнага” памяшкання, студэнткі пачалі здымаць яго разам з яшчэ чатырма студэнтамі. Такім чынам, у пакойчыку месціліся шэсць чалавек…
Грошай зусім не хапала — прыходзілася эканоміць на ўсім. Прадукты хадзілі набываць у краму “99 цэнтаў”, дзе гандлююць таварамі, тэрмін захоўвання якіх блізкі да заканчэння і дзе ўся прадукцыя (пачынаючы ад кансерваў і заканчваючы губной памадай) каштуе 99 цэнтаў.
За два тыдні ўпартых пошукаў працы Наталля стаптала тры пары абутку (дзве з іх да дзірак), так і не знайшоўшы месца, дзе зарабіць. Складанасць яшчэ і ў тым, што амерыканцы ніколі не кажуць прама: “У нас няма працы”, яны кажуць: “Прыходзьце заўтра”. Так і даводзіцца хадзіць па 8 — 10 кіламетраў у дзень, але безвынікова. Наступіў адчай, слёзы, поўная адсутнасць грошай і вялікае жаданне вярнуцца дадому. Але Наташа не паехала і літаральна на наступны дзень знайшла працу афіцыянткі ў кафэ за два з паловай долары ў гадзі-ну плюс чаявыя.
Праца гэта складаная: з 8.00 да 15.00, прысесці нельга, нават калі няма заказаў — табе абавязкова знойдуць, чым заняцца: адправяць падмятаць падлогу, выціраць пыл, рабіць яшчэ што-небудзь. У гадзіны-пік (а гэта час сняданку і ланча) людзей у кафэ процьма, а повар адзін і на 15 столікаў дзве афіцыянткі. Наташу часцей за ўсё адпраўлялі абслугоўваць столікі на вуліцы: гэта значыць, што яна бегала з цяжкімі падносамі з халоднага і цёмнага памяшкання кафэ ў ярка-сонечны спякотны антураж вуліцы. Разоў 20 — 30 так выбяжыш — і перад вачыма ўсё плыве і ўражанне, што зараз страціш прытомнасць.
— Але ў Амерыцы тваё самаадчуванне нікога не клапоціць, — дзеліцца Наталля. — Ёсць гаспадар, якому патрэбны прыбытак, яго падначалены, якому патрэбна праца, а таму ён амаль на ўсё згодны, і кліент, які заўсёды правы і не хоча чакаць заказу, які робіць адзін на ўсіх повар, ды яшчэ і афіцыянтку, якой дрэнна.
З радасцей — падчас працы можна было ўзяць кароткі перапынак на абед: шэсць долараў бяс-платна. На іх можна набыць гамбургер, салат, бульбу-фры, кавалак мяса і кока-колу — паесці гэтага цалкам хапала.
Працуючы афіцыянткай у ЗША, Наташа заўважыла, што амерыканцы — народ своеасаблівы: яны могуць за адну ноч прасадзіць 500 тысяч долараў у казіно (а Атланцік-Сіці — гэта другі, пасля Лас-Вегаса, забаўляльны цэнтр у Амерыцы, і там ажно 13 казіно!) і ўшчэнт пасварыцца з-за некалькіх цэнтаў, калі ім не дададуць здачы…
— А яшчэ ў іх свае паняцці ў жыцці: накшталт, няма кахання — ёсць секс, няма сяброўства — ёсць грошы, і знакамітыя “That’s your problem” ды “It isn’t my business”, — гаворыць Наташа.
За тры катаржных тыдні Наталля зарабіла 200 долараў і звольнілася з кафэ, таму што знайшла іншую працу. Дарэчы, цікавая дэталь: у ЗША нельга ўладкавацца на працу і атрымліваць зарплату, пакуль не атрымаеш нумар страхоўкі. Звычайна такая працэдура займае два тыдні, але нашай студэнтцы яе афармлялі каля месяца(!) і ўвесь гэты час яна не магла атрымліваць свае заробленыя грошы…
Новай працай Наташы аказалася месца касіра ў ціры ў мясцовым забаўляльным парку. Змена з 18.00 да 2.00 — 3.00 ночы, зарплата — сем долараў у гадзіну, шмат людзей, шмат размоў — вось дзе сапраўды можна было павысіць свой моўны ўзровень! Наталлі новая праца спадабалася, і яна паспяхова зарабляла на ёй да канца лета. Акрамя таго, з’явілася магчымасць паездзіць паглядзець іншыя месцы. Так, беларусы паглядзелі на Ніягарскія вадапады, якія іх надзвычай уразілі прыгажосцю, Нью-Йорк, пабачылі статую Свабоды, пабылі на месцы разбураных вежаў-блізнятак. Непрыемна ўразіла тое, што на амерыканскіх вуліцах няма дрэваў, цягне каналізацыяй, у метро — крысы, бруд, бамжы, якія спяць у каробках на пляжах.
— Усюды можна было сустрэць людзей з краін СНД: адны працуюць у шапіках, барах, рэстаранах, іншыя — спяваюць на вуліцах, астатнія — на пабягушках, падай-прынясі-прыбяры, — расказвае Наташа. — Славянскія дзяўчаты карыстаюцца вялікай папулярнасцю — амерыканцы з задавальненнем ажэньваюцца з імі, бо яны не такія капрызныя і больш прыстасаваныя да жыцця, чым амерыканкі.
Хлопцы-украінцы, што дзялілі разам з беларускамі пакойчык у гатэлі, наогул зараблялі на трох працах (грузчыкамі, уборшчыкамі і афіцыянтамі), круціліся, як маглі: спалі па дзве гадзіны два разы ў дзень…
Але Наташы ў Амерыцы спадабалася: заробленых грошай ёй хапіла і на тое, каб нармальна есці, апранацца, хадзіць на дыскатэкі, у бары, аплочваць жыллё, і на тое, каб прывезці дадому 1500 долараў, якія пазычылі на паездку.
— Акрамя таго, Амерыка цікавая яшчэ і тым, што гэта школа жыцця, якая вучыць, як выжываць пры любых абставінах, гэта месца, дзе няма блату і людзі па-сапраўднаму паказваюць, хто яны ёсць, дэманструюць свае здольнасці альбо адсутнасць такіх, гэта іншы свет і іншае ўспрыманне свету, дзе людзі на вуліцах, хай і не заўсёды шчыра, але ўсміхаюцца адзін аднаму, дзе шмат перспектыў і магчымасцей для рэалізацыі. Гэта і месца, дзе можна праверыць сябра, на што ён гатовы дзеля цябе, — прызнаецца Наталля.
Разам з тым, Наташа падкрэслівае, што ЗША — гэта не Радзіма, і там вельмі пакутуеш ад таго, што няма нічога роднага, звыклага і натуральнага. І па начах там сняцца родныя бярозкі, сала, салома і пах груш у родным садочку… А з ранку там прачынаешся з думкай: “Як жа я люблю сваю сінявокую Беларусь!”.
Наталля Старчанка

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей