“Ураджайны” багаты на ўраджай

  • 2292
  • 11:14
  • 24.01.2008
Поделиться
Некалькі гадоў таму былы саўгас імя Леніна Лоеўскага раёна быў рэарганізаваны ў КСУП і стаў “Ураджайным”. Выбар назвы дырэктар сельгаспрадпрыемства Рыза Фірдзінавіч Рызаеў адобрыў: “Каб заўсёды быць з прыбыткам”.
На той час некаторыя песімістычна настроеныя вяскоўцы кпілі: “Як жа — “Ураджайны” — сорак гадоў без ураджаю!” Але зараз нават самыя злапыхлівыя скептыкі забыліся на той безгрунтоўны
і беcпадстаўны жарт — ураджай ёсць! І нядрэнны.


Лічбы як доказ
У мільёне тон хлеба Гомельшчыны — 6100 тон зерня КСУП “Ураджайны”. Сярэдняя ўраджайнасць — 34 цэнтнеры з гектара. Улічваючы, што бал ворыўных зямель — 34, а кліматычныя ўмовы далёкія ад спрыяльных, гэта зусім нядрэнна. Дарэчы, у мінулым годзе ўраджайнасць была 27 цэнтнераў з гектара. Ёсць чым у сельгаспрадпрыемстве сеяць, араць, збіраць ураджай — за мінулы год 300 мільёнаў уласных сродкаў гаспадаркі было затрачана на набыццё новай тэхнікі. Гэта трактары, касілкі, камбайны, аўтамабілі, новы млын і плюшчылка зерня. Зараз парк камбайнаў гаспадаркі складаюць тры КЗР-10, два — “Ліда-1300”, адзін КЗС-7 і пяць “Донаў-1500”. На пачатку верасня гаспадарка набыла па лізінгу бульбаўборачны камбайн КПК-0,2. І, урэшце рэшт, гонар усяго гаражу — новенькі “МАЗ-555” сельскага варыянта.
Таму і скончаны ў адпаведныя агратэхнічныя тэрміны сеў азімых на плошчы 1470 гектараў. Выкананы дзяржзаказ па піваварнаму ячменю — 100 тон (ураджайнасць гэтай культуры — 40 цэнтнераў з гектара). І як вынік — сярэдняя зарплата па гаспадарцы склала ў жніўні 390 тысяч рублёў.
Правафланговыя жніва атрымалі за жнівень, апроч прэмій і надбавак, па паўтара мільёна рублёў.

Працай трэба даражыць
Дырэктар гаспадаркі неаднаразова адзначаў, што грошы трэба зарабляць. Ён навучыў людзей простай арыфметыцы. Напрыклад — ацаніць кошт ста грамаў гарэлкі. Калі выпівоху-працаўніка пазбавіць надбавак, прэмій і іншых матэрыяльных заахвочванняў (зерня, мяса, парсючкоў), то міжволі задумаешся, што піць горкую — вельмі дарагое задавальненне. А можна і ўвогуле застацца без працы...
Кароткая тут размова з аматарамі выпіць і латругамі. Гэта раней, заліўшы вочы, даярка магла спакойна ляжаць у транспарцёры — маўляў, з работы не выганяць, бо не будзе каму кароў даіць. Зараз жа кожны сумленны чалавек стараецца трымацца рабочага месца. Бо жадаючых працаваць і зарабляць — хапае. “Нават сёння прыходзілі прасіцца на работу тры даяркі, але я ім адмовіў, бо свой шанс яны ўжо выкарысталі, — расказвае Рыза Фірдзінавіч. — Не хацелі старацца раней — а зараз я не хачу працаваць з імі”.
Пры размеркаванні жылля і новай тэхнікі адміністрацыя кіруецца прынцыпам: старанным працаўнікам — новае жыллё і тэхніку. Таму, калі прыгналі новы камбайн, то нікога не здзівіла, што атрымаў яго Рыгор Рагачоў. Ён — неаднаразовы пераможца жніва, майстар на ўсе рукі, працалюбівы і адказны механізатар. Новы “МАЗ” атрымаў Леанід Зяленскі, які ў мінулае жніво на машыне “ГАЗ-53” перавёз больш за тысячу тон зерня. Сяргей Дарошчанка, браты Валянцін і Мікола Шылавы — таксама заўсёды ў перадавіках. Калі чалавек усведамляе, што жыццё сваё прысвяціў працы ў роднай гаспадарцы, не шкадуючы сіл і здароўя, ён мае ўсе падставы патрабаваць аддачы — прыстойнага заробку, жылля, сацыяльных гарантый. Так, восем новых дамоў ужо маюць гаспадароў. У ліку навасёлаў — маладыя механізатары Мікалай Коваль, Аляксей Сцяпанчанка, Руслан Шпакаў, іншыя спецыялісты і даяркі. На будучы год плануецца пабудаваць яшчэ пяць дамоў.

Быт ці дабрабыт?
У XXI стагоддзі каго можна здзівіць тэлевізарам? Ды ў апошні час і аўтамабіль для сельскіх жыхароў ужо ніяк не раскоша, а сродак перамяшчэння. У вёсцы з насельніцтвам 640 чалавек 69 жыхароў маюць “чатырохколых сябраў”. “Жыгулі” і “Масквічы”, нямецкія “Фольксвагены” і “Аўдзі” жвава шапацяць шынамі па асфальтавых вуліцах. Усё часцей моладзь — студэнты і працуючыя — набывае мабільныя тэлефоны. Хаця, шчыра кажучы, сотавая сувязь тут не вельмі добрая. Каб патэлефанаваць па “трубцы”, некаторыя знаходлівыя грамадзяне ўзбіраюцца на чатырохпавярховы дом ці шукаюць нейкія іншыя кропкі, дзе “бярэ Вэлкам”.
Усё часцей бацькі чухаюць патыліцы, каб прыдбаць сыну ці дачцэ камп’ютэр — сусед жа купіў, а чым маё дзіця горшае за людзей? Дзесяць уборкаўцаў ужо маюць дома такі цуд навукова-тэхнічнага прагрэсу. Яшчэ адзін, на мой погляд, паказчык матэрыяльнага росту — гэта попыт на тавары ў мясцовых магазінах. Адна знаёмая прадаўшчыца заўважыла: “Зараз “Прыму” і “Астру” купляюць адзінкі, астатнім падавай дарагія цыгарэты”. Вядома, прывяла я не самы лепшы прыклад, але гэта — факт.
І ўсё ж, напэўна, не гэта галоўнае. Важна тое, што людзі сталі ўпэўненыя ў заўтрашнім дні, у тым, што ў адпаведны дзень атрымаюць заробак і грошы за здадзенае дзяржаве малако і мяса. Упэўнены ў тым, што гаспадарка дапаможа ў працы на прысядзібным участку, забяспечыць уласных рагуль сенам. Ці, крый Божа, калі памрэ блізкі чалавек, то не застанешся сам-насам са сваёй бядой... Прыемна і радасна заўважаць на вясковых вуліцах маладых маці з каляскамі, чуць дзіцячы смех, бачыць чародкі школьнікаў, якія спяшаюцца на заняткі. Вёска прыбаўляецца — дамамі, жыхарамі... Адраджэнне — гэта рэальнасць, а не мары.
Алёна ГЕРМАНОВІЧ
в. Уборак, Лоеўскі раён

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей