Тут зямля свяшчэнная для ўсіх!

  • 2901
  • 11:14
  • 24.01.2008
Поделиться
Заўтра на жывапісным узбярэжжы Дняпра ў Лоеве — юбілейныя ўрачыстасці з нагоды 500-годдзя першага пісьмовага ўпамінання гэтага ўсходнеславянскага селішча. Дарэчы, у летапісах яно занатавана як Лоева Гара. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што сама назва цяперашняга гарадскога пасёлка пайшла ад слова “лойва” (човен на шмат месцаў). Іншыя выказваюцца пра паходжанне назвы ад слова “лой” — барановы тлушч. Не забываецца і акалічнасць, што ў старажытнай мове існавала імя Лой. Мабыць,чалавек з такім прозвішчам быў адным з першых насельнікаў тут, на правабярэжжы вялікай славянскай ракі, непадалёк ад яе зліцця з Сожам.
Геаграфічнае месцазнаходжанне Лоева вельмі ўдалае. Колісь тут стаяў драўляны замак, які нібы ахоўваўся плынню абедзвюх рэк з поўдня і ўсходу. А ў 1505 годзе татары Перакопскай арды пераправіліся праз Дняпро і дашчэнту спалілі селішча. Пра гэта згадваецца ў летапісе. І не паспеў Лоеў як след адбудавацца, магчыма, аднавіў толькі вежы і сцены, земляныя валы, як зноў стаў на шляху паміж войскамі гетмана Багдана Хмяльніцкага і канцлера Януша Радзівіла. Разгромам казацкіх войскаў увайшла ў гісторыю гэта бітва, што адбылася 31 ліпеня 1649 года, і носіць яна назву “лоеўская”.
А ў 1651-м чарговая сутычка: войскі Я. Радзівіла па шляху на Кіеў былі сустрэты паплечнiкамi
Б. Хмяльніцкага. У маі 1654-га — вайна паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай, у выніку якой Лоеў застаецца ў граніцах апошняй. А пасля другога перадзелу Рэчы Паспалітай землі Лоеўшчыны аказаліся ў складзе Расійскай імперыі. Мястэчка стала цэнтрам воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. Шмат разоў паселішча змяняла сваю адміністратыўную прыналежнасць.
Лоеў быў канчатковым пунктам параходных маршрутаў Бабруйск — Лоеў, Магілёў — Лоеў. Славілася тутэйшая прыстань драўлянымі суднамі, асабліва пласкадоннымі, для перавозкі грузаў. А большасць з 18 параходаў былі прыстасаваны для пасажыраў, мелі камфартабельныя каюты. Днепр у раёне Лоева быў адкрыты для судаходства 239 дзён на год. На 10-ы дзень пасля Вялікадня тут адбыўся кiрмаш пад адпаведнай назвай “Лоеўская дзясятая”.
Каля 4,5 тысячы жыхароў жыло ў мястэчку ў канцы ХIX стагоддзя. Цікава, што на той час тут дзейнічалі восем цэркваў і столькі ж сінагог, быў касцёл, дзве капліцы, народнае вучылішча, 24 крамы, працавала верф. У 1914 годзе быў пабудаваны мост, які злучыў два берагі Дняпра.
У маі 1919 Лоеў ужо ў складзе Гомельскай губерні. Праз год ён заняты палякамі, якія пацяснілі наступаўшыя часці Чырвонай Арміі. “Лоеўскі прарыў” — пад такой назвай увайшла ў гісторыю бітва, у якой бралі ўдзел караблі Дняпроўскай флатыліі.
59 населеных пунктаў і 25 сельсаветаў — такім быў лоеўскі край у 1926-м, калі стаў раёнам у саставе Рэчыцкай акругі. Але самыя яркія старонкі летапісу найноўшай гісторыі гэтай зямлі былі напісаны ў кастрычніку 1943-га, пры фарсіраванні Дняпра і вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Імёны многіх герояў увасоблены ў назвах вуліц гарпасёлка. А ўсяго 279 воінаў за вызваленне Лоеўшчыны ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза (пяць з іх — ураджэнцы краю). 40 герояў знайшлі спачын на тэрыторыі раёна. Усяго тут пахавана звыш васьмі тысяч салдат і афіцэраў розных нацыянальнасцей. Звыш трох тысяч ураджэнцаў правабярэжжа Дняпра загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны.
3 ліпеня 1966 года на цэнтральнай плошчы Лоева быў адкрыты помнік рэспубліканскага значэння — манумент у гонар вызваліцеляў — воінаў 65-й арміі і партызанскіх злучэнняў Каўпака і Сабурава. Цікава, што народныя мсціўцы ў лістападзе 1942-га разграмілі фашысцкі гарнізон і арганізавалі святочны парад у гонар 25-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі.
У гарадскім пасёлку і яго ваколіцах шмат помнікаў воінскай славы, брацкіх магіл і абеліскаў — велічных і сціплых. У цэнтры Лоева ёсць музей пад адкрытым небам — пляцоўка з баявой тэхнікай часоў вайны, а таксама багаты на экспанаты музей “Бітвы за Днепр”.
Сярод помнікаў сівой мінуўшчыны краю ёсць унікальныя, як, напрыклад, сядзібна-паркавы ансамбль у Суткове, пабудаваны ў пачатку XIX стагоддзя зяцем Станіслава Юдзіцкага — тагачаснага ўладальніка амаль усёй Лоеўшчыны. У 30-я гады ХХ стагоддзя гэты архітэктурны помнік перапланаваны пад школу. Сёння Суткоўскі ансамбль з’яўляецца адным з маршрутаў турыстычнага “Залатога кальца Гомельшчыны”.
Да свайго 500-годдзя Лоеўшчына прыкметна абнавілася, памаладзела. Добраўпарадкаваны вуліцы і дарогі, прывабны выгляд маюць фасады будынкаў, дваровыя тэрыторыі. З’явілася шмат новых гандлёвых кропак. У гарпасёлак прыходзіць блакітнае паліва. Ёсць сур’-
ёзныя намеры будаваць тут завод па вытворчасці цэглы. Так што, мажліва, праз пэўны час быць Лоеву горадам. Пажывём — пабачым.
Сённяшняя тэрыторыя раёна складае 104,7 тысячы гектараў. Гэта 9 сельсаветаў, 81 населены пункт, дзе пражываюць16,7 тысячы чалавек, з іх 7,4 тысячы — у Лоеве.
Раён у асноўным сельскагаспадарчы, спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні зерневых культур і бульбы. Аграпрамысловы комплекс Лоеўшчыны — гэта пяць сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў, шэсць камунальных сельскагаспадарчых
унітарных прадпрыемстваў, пяць сялянскіх гаспадарак.
Зямля гасцінная, шчодрая на таленты... Здавён жывуць і ўслаўляюць Лоеўшчыну ў сваіх вершах, песнях, карцінах, вырабах народнай творчасці, навуковых распрацоўках ураджэнцы гэтага краю. Мяркуйце самі: толькі калектываў мастацкай самадзейнасці ў раёне звыш 70, чатыры з іх носяць званне народных. Многія з іх парадуюць гасцей на святкаванні 500-годдзя Лоева і абласных дажынках. Свята рыхтуецца прыгожае, запамінальнае, па-сапраўднаму народнае гулянне!
Тамара КРУЧЭНКА

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей