Замест 500 чалавек — адзін камбайн

  • 1435
  • 11:14
  • 24.01.2008
Поделиться
На нашых рынках праблем з цыбуляй зараз няма, бо яе вырошчваннем ушчыльную заняліся агародніцкія гаспадаркі вобласці. У ліку першых было камунальнае сельскагаспадарчае унітарнае прадпрыемства “Саўгас “Брылёва” Гомельскага раёна. Тут устанавілі і рэкордныя ўраджаі горкай прадукцыі.
Ужо летась у саўгасе сабралі з кожнага гектара больш 500 цэнтнераў цыбулі. Сёлета будзе не менш. Аднак праблема была ў тым, што на ўборку гэтай культуры было патрэбна вельмі шмат людзей. У мінулым годзе кіраўніцтва гаспадаркі прыцягвала да работы спецыялістаў, школьнікаў, студэнтаў, рабочых з цэнтраў занятасці вобласці. На ўборцы цыбулі працавала прыкладна паўтысячы чалавек. Сёлета ўпершыню саўгас набыў за мяжой сучасны камбайн для ўборкі цыбулі.
— Машына вельмі добра сканструявана, — сказаў галоўны інжынер М. І. Кізіцкі. — Працуе бездакорна, страт няма. Але пры добрай папярэдняй падрыхтоўцы поля. Адразу яно падкошваецца, потым падворваецца. Дзякуючы новаму камбайну цыбуля падбіраецца і механізаваным спосабам пагружаецца на транспарт.
Высокую ацэнку тэхналогіі далі і ўдзельнікі абласнога семінара-нарады па пытаннях вытворчасці садавіны, гародніны і бульбы, які ў канцы мінулага тыдня быў праведзены на базе саўгаса “Брылёва”. Аб далейшым развіцці галіны расказвалі дырэктар гаспадаркі А. Т. Кобрусеў, генеральны дырэктар абласной асацыяцыі вытворцаў плодаагародніннай прадукцыі В. А. Папкоў, намеснік старшыні аблсельгасхарчу В. І. Яцэвіч.
Звернута ўвага і на той факт, што ў “Брылёва” пастаянна ўдасканальваюцца тэхналогіі па вырошчванню іншых гароднінных культур. Таму і ўраджайнасць іх высокая. Напрыклад, раннія і сярэдняспелыя сарты капусты зараз даюць з гектара прыкладна па 800 цэнтнераў — не менш, як у Галандыі, добра вядомай як гароднінная краіна. Больш таго, наша капуста мае і перавагі. На думку спецыялістаў і простых спажыўцоў, у яе лепшыя смакавыя якасці, утрымліваецца больш вітамінаў і пажыўных для арганізма рэчываў. Да таго ж, як і ўся гародніна ўласнай вытворчасці, наша капуста значна дзешавей.
Пабывалі ўдзельнікі семінара і ў брылёўскім садзе, які добра дагледжаны і апрацаваны. Растуць тут і яблыкі, якія могуць пры належных умовах добра захоўвацца. Калі б у большасці гаспадарак так займаліся садамі, то не трэба было б завозіць садавіну з Польшчы і Малдовы. Дастаткова было б сваёй.
— А магчымасці для забеспячэння насельніцтва вобласці ўласнымі яблыкамі ў нас ёсць, — падкрэсліў пры падвядзенні вынікаў работы семінара-нарады В. А. Папкоў. — І мы іх павінны выкарыстаць спаўна.
Тое ж датычыць бульбы, часнаку, іншай прадукцыі, лішкі якой можна будзе экспарціраваць за чыстую валюту.
Дырэктар саўгаса “Брылёва” А. Т. Кобрусеў падзяліўся таксама вопытам вырошчвання, захоўвання і рэалізацыі бульбы.
Удзельнікі нарады азнаёміліся з уладкаваннем аграгарадка на базе гэтай гаспадаркі.
Сцяпан БАЛОТКІН

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей