Дзе Дняпро і Друць у Вечнасць плывуць...

  • 4027
  • 08:35
  • 22.05.2012
Поделиться
Даўно марыла пабываць у родных мясцінах знакамітага драматурга Андрэя Макаёнка. І ўсё не выпадала. Ды надарылася такая магчымасць: на форум на Рагачоўшчыну ехалі журналісты і пісьменнікі. І вось мы ў Журавічах, дзе Макаёнак скончыў дзесяцігодку, працаваў у Доме культуры, непрацяглы час настаўнічаў. Зараз гэта аграгарадок з 330 сядзібамі, неабходнай для вяскоўцаў сацыяльнай інфраструктурай. І хаця нарадзіўся пісьменнік у вёсцы Борхаў, у Журавічах усё нагадвае пра яго. У мясцовай школе нас вельмі ўразіў музей драматурга. Тут сабраны яго блакноты, рукапісы, фотаздымкі, кнігі, гадзіннік, шашкі, тростачка, на якую абапіраўся, афішы спектакляў купалаўскага тэатра. Шмат кніг, падораных Макаёнку Шамякіным. Напрыклад, на «Трывожным шчасці» надпіс: «Дарагому другу Андрэю! Ты першы сказаў добрае слова пра гэтыя аповесці». Школьнікі-экскурсаводы на чале з намеснікам дырэктара Наталляй Замарэевай і настаўніцай мовы і літаратуры Наталляй Бондаравай правялі захапляючую экскурсію. У Журавіцкай сельскай бібліятэцы, якая носіць імя драматурга, нам нагадалі, што ў 1938 — 1939 гадах ён працаваў у мясцовым Доме культуры. Адсюль рушыў паступаць ва Усесаюзны інстытут кінематаграфіі, ды не прынялі. Але талент акцёрства, напэўна, і дапамагаў Андрэю Ягоравічу так па-майстэрску выпісваць вобразы, дзею на сцэне, што рэжысёры па ўсім былым Саюзе марылі ўвасабляць яго п’есы. Землякі і сёння звяртаюцца да яго твораў. Гэта цікавасць да лёсу і творчасці Макаёнка, несумненна, падтрымлівае і ў школьнікаў прагу да чытання на роднай мове. З 20-тысячнага фонду мясцовай бібліятэкі палова кніг — беларускія. Літаратурная карта Рагачоўшчыны ўтрымлівае звыш 30 імён. У Рагачове напісаў шэраг твораў Уладзімір Караткевіч, тут вучыліся Міхась Лынькоў, Алена Васілевіч. У вёсцы Дубасня нарадзіўся вядомы празаік Ядзвігін Шар, з Кісцянёў — крытык, літаратуразнаўца Юліян Пшыркоў... У вёсцы Каменка Стралкоўская нарадзіўся Аляксандр Ужанаў, празаік, літаратуразнаўца, дырэктар маскоўскага Інстытута сацыяльнай памяці. Дзякуючы яму ў свой час было адкрыта імя пісьменніка Уладзіміра Кігна-Дзедлава, які апошнія гады свайго жыцця правёў у Фёдараўцы на Рагачоўшчыне. У час нашай вандроўкі па Рагачоўшчыне кранула цікавасць, з якой адносяцца ў раёне да творчых людзей. Выпушчаны біяграфічныя буклеты пра самых адметных майстроў слова, зроблена літаратурная карта. На ёй пазначаны адрасы жыцця і творчасці землякоў. Мясцовыя краязнаўцы дэталёва, комплексна даследуюць кожную пядзю раёна, высвятляюць не толькі гістарычныя падзеі, помнікі, але і лёсы канкрэтных людзей, якія жылі і працавалі тут у розныя часы. Такая работа прыносіць плён і, безумоўна, паўплывае на прыцягненне турыстаў у гэты край. Так, экскурсія, якую правёў нам настаўнік гісторыі Андрэй Чарняўскі, адкрыла шмат цікавых звестак, у тым ліку і пра Уладзіміра Караткевіча. Увесь радавод яго па мацярынскай лініі — з Рагачова. Рагачоўцы шчыра мараць пра помнік караткевічаўскаму літаратурнаму герою з «Ладдзі Роспачы» Гервасію Выліваху, што выйграў шахматны паядынак у самой смерці. Ёсць намер пра Дом кнігі. Яго плануюць размясціць у будынку былой земскай управы. Пра гэта, а таксама пра неабходнасць рэстаўрацыі Доўскай і Дварэцкай цэркваў, касцёла Святога Антонія гаварыў на форуме намеснік старшыні Рагачоўскага райвыканкама Васіль Каральчук.

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей