У Лондане Алімпіяда, у Аўцюках — гумарыяда

  • 4466
  • 10:12
  • 31.07.2012
Поделиться
Дзве падзеі сусветнага значэння адбыліся ў мінулую пятніцу: адкрыццё Алімпійскіх гульняў у Лондане і адкрыццё VII Усебеларускага фестывалю народнага гумару ў вёсках Малыя і Вялікія Аўцюкі Калінкавіцкага раёна. Якая з гэтых падзей важнейшая, у жыхароў абедз­вюх вёсак  і пытаць не трэба. Скептыкі ж, што з імі не згодныя, будуць пасаромлены. Аўцюкоўскі фестываль лёгка выйшаў на рэспубліканскую арбіту, і пакарэнне сусвету — справа часу. Так што трымайцеся, Адэса, Габрава і іншыя з імі. Ну і што з таго, што лонданскую Алімпіяду наведала сама каралева англійская. У Аўцюкі прыбыў уласнай персонай міністр культуры Беларусі Павел Латушка. Ды не адзін, а з высокімі афіцыйнымі асобамі — старшынёй аргкамітэта фестывалю, намеснікам старшыні Гомельскага аблвыканкама Пятром Кірычэнкам, старшынёй журы Уладзімірам Ліпскім ды іншымі, каб адкрыць музей-сядзі­бу Каласка і Калінкі. А неўзабаве з шыкам пад’ехаў і картэж з лімузінаў, з якога выйшлі джэнтльмены ў смокінгах. Гэта “заклятыя сябры” — старшыні Малааўцюкоўскага і Вялікааўцюкоўскага сельсаветаў Мікалай Змушка і Пётр Гаркуша. Яны мелі намер заключыць “векапомнае замірэнне”, таму трымаліся прыстойна, з годнасцю. Аднак адно парушэнне пратакола ўсё ж дапусцілі: прыбылі на свята без сваіх першых ледзі. Апраўдваліся, што тыя, як сапраўдныя гаспадыні, рыхтуюцца да нашэсця гасцей у вёсках. Джэнтльмены кляліся жыць у дружбе, абяцалі хадзіць у госці адзін да аднаго, толькі гарэлку гнаць будуць паасобку: відаць, не хацелі выдаваць фірменныя сакрэты. Заканамерна, што гэтым джэнтльменам даверылі адкрыць музей: сучасным аўцюкоўцам будзе дзе захоўваць здабыткі сваіх продкаў, што дапамагалі ім крочыць па жыцці смеючыся. З гэтай нагоды Павел Латушка заўважыў: “За тры гады працы міністрам культуры я адкрываў ужо шмат музеяў: Мірскі замак, Нясвіжскі замак. А вось музей гумару беларусаў адкрываю ўпершыню, і дай Бог, каб такіх музеяў на нашай зямлі было як мага больш. Перакананы, што гумар і сатыра ўвогуле адлюстроўваюць узровень развіцця нацыі, паказваюць, наколькі сапраўды яна здаровая. Уменне смяяцца над сабой дае нам добры зарад шчасця”. Падчас цырымоніі адкрыцця музея адбылася закладка адзінай у свеце “Алеі зорных ног” тых, хто ўсімі спосабамі праслаўляе Аўцюкі і іх жыхароў. Алея папоўнілася свежым адбіткам ступні ідэйнага натхняльніка фестывалю Уладзіміра Ліпскага. Ліпскі і яго саратнікі удастоіліся таксама спецыяльна зацверджаных новых высокіх узнагарод — медалёў “Ганаровы аўцюковец”. Гасцям жа нецярпелася адправіцца ў швэнданне па падворках, бо з вопыту мінулых гадоў ведалі: справа гэта наколькі цікавая, настолькі і прыемная. Ледзь не ля кожнай сядзібы — банкет за кошт гаспадароў. І гэта не толькі традыцыйныя чарка і шкварка, назвы напояў з мясцовых ноу-хау — бульбулятараў — гавораць самі за сябе: “Жывая вада”, “Аўцюкоўская віягра”. З кожным разам каласкі і калінкі падыходзяць да сустрэчы гасцей усё больш творча, ладзяць цэлыя прадстаўленні. Гаспадароў лепшых падворкаў чакалі выдатныя прызы. Такіх нават не атрымлівала каралева Вікторыя. Ну дык яна ж толькі каралева. А каб атрымаць у падарунак тры рулона сена ці парася, патрэбна быць Царыцай. У Малых Аўцюках ёсць свая Царыца. Так прадставілася мне адна з калінак, дэманструючы свае прысмакі і рукадзелле. Думала, што гэта прозвішча ў жанчыны такое прыгожае. Аказалася — мянушка, аднавяскоўцы больш ведаюць Валянціну Салаўёву як Царыцу. Царская парода відаць ва ўсім. І дочкі ў яе сапраўдныя царэўны. Старэйшая, студэнтка сталічнага вуза, удзельнічала нават у конкурсе прыгажосці “Міс Мінск”. Аўцюкоўцы крочаць па жыцці ў нагу з часам, прыстасоўваючыся да рынкавых зносін. Развіваецца агароднінны бізнес у Міхаіла Хмурыка, гасцінічны — у Таццяны Радзько: пяцізоркавы гатэль “Фігвам” удастоены прыза. Кілаграмовыя памідоры вырасціла Наталля Гвоздзь. А ў дачніцы-удачніцы Марыі Ігнатовіч у агародзе больш кветак, чым бульбы. Гэта нават не агарод, а сапраўдны батанічны сад, адзначаны галоўным прызам — тэлевізарам. Наогул, у многіх атрымалася здзівіць гасцей. На другі дзень свята перамясцілася ў Калінкавічы, дзе на галоўнай плошчы райцэнтра, прылягаючых вуліцах размясціліся шматлікія выстаўкі творчасці гаспадароў і гасцей з усёй вобласці, супермаркет з гандлёвых радоў, сельсаветы зноў прадстаўлялі па-мастацку аформленыя падворкі. Набыць выдатны сувенір можна было праз бяспройгрышную латарэю. Змаглі здзі­віць публіку і, можна сказаць, прафесіяналы гумарыстычных жанраў падчас конкурснай праграмы. Адкрылі спаборніцтвы даўнія канкурэнты аўцюкоўцаў — гумарысты са Спорава Брэсцкай вобласці. Жаночая палавіна смела дэманстравала, што значыць у здаровым целе — здаровы смех. Можа хто і падумаў, што гэта шоу таўстушак, але ж менавіта такіх жанчын называюць рубенсаўскімі і кустодзіеўскімі прыгажунямі. Не дзіўна, што тэатр мініяцюр “Спораўскі акалотак” аказаўся прызёрам у сваёй намінацыі. Сярод прызёраў нямала і нашых землякоў. Гэта перш за ўсё гаспадары — Ніна Лешчанка і народны тэатр “Вясёлыя аўцюкоўцы” раённага цэнтра вольнага часу, музычны тэатр пародыі “Антыстрэс” і народны клуб “Праметэй” ГЦК Гомеля, студэнцкі тэатр мініяцюр “Люстэрка” ГДУ імя Ф. Скарыны, Лідзія Пятрычыц і фальклорны ансамбль “Верас” з вёскі Верасніца Жыткавіцкага раёна. Завяршыўся фестываль святочным феерверкам і начной дыскатэкай.

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей