Нечакана вялікую колькасць водгукаў і каментарыяў на сайце нашай газеты выклікала публікацыя “Народ моцны, прыгожы і жыццярадасны”. Усё гэта сведчыць аб адным: у сучаснікаў ёсць цікавасць да жыцця і гісторыі продкаў. А званок у рэдакцыю ад жыхара Калінкавіцкага раёна Уладзіміра Рыгоравіча Кабзара — падобна сенсацыі.
Ад прадзедаў, спакон вякоў...
— Ганна і Лоўгін Кабзары з вёскі Барыскавічы Мазырскага павета на здымку — гэта мае дзед з бабкай. Нібы вестку з далёкага мінулага атрымаў ад продкаў. Стагоддзе — гэта ж цэлая эпоха! На жаль, ад родзічаў не тое што іншых фотаздымкаў не засталося, а нават рэчаў якіх-небудзь. А яшчэ Уладзімір Рыгоравіч расказаў, што раней гэты здымак разам з іншымі быў апублікаваны ў часопісе “Гісторыя помнікаў Беларусі” за 1974 год. Быў там і цікавы артыкул пра этнаграфічную экспедыцыю Сербава. Але часопіс згубіўся, і мой субяседнік удзячны абласной газеце за такі вось падарунак. — Дзеда з бабкай я не застаў у жывых, нават бацьку дрэнна памятаю. Ён памёр, калі мне было дванаццаць гадоў. А вось маці пражыла доўгае жыццё. Калі пайшла замуж за майго бацьку, сына Лоўгіна — Рыгора, нейкі час жылі ў хаце з дзедам. На тым селішчы нарадзіўся і я. З успамінаў маці ды іншых старажылаў вёскі памятаю, што дзед вызначаўся сярод аднавяскоўцаў фізічнай сілай і цвёрдым характарам. Казалі, што ён пешшу хадзіў з Барыскавічаў у Кіеў і назад. У 1912 годзе этнографа Сербава ў вёсцы сустрэлі насцярожана. Фотаапарат жа здаваўся вяскоўцам нейкім страшным дзівам, і здымацца ўсе адмаўляліся, акрамя дзеда Лоўгіна. Безумоўна, ён быў галоўным у сям’і. Уяўляю, як ён абуў лапці, даў загад жонцы адзецца па-святочнаму і без усякага страху пазіраваў перад аб’ектывам. Варта заўважыць, што многія жыхары вёскі таксама былі не слабакі, праўда, сваю сілу іншы раз накіроўвалі не ў тым напрамку. Мазырскі краязнаўца Міхаіл Копач у адной са сваіх кніг распавядаў пра вядомыя на ўсю акругу “забавы” мужчынскай часткі насельніцтва Барыскавічаў. У выхадныя і святочныя дні моладзь ішла “сценка на сценку” ў кулачных і палачных баях. У азарце бойкі ў ход нярэдка пускалі жэрдкі і аглоблі. Да сённяшніх дзён захавалася іранічная назва вёскі — Аглабельнікі. Зараз Барыскавічы — невялікая вёсачка: 172 жыхары на 97 гаспадарак. Між тым, існуе яна больш за 430 гадоў, упамінаецца яшчэ ў перапісу Вялікага Княства Літоўскага 1567 года. А продкі сучасных палешукоў жылі тут яшчэ ў X — XIII стагоддзях. Пра гэта сведчаць археалагічныя помнікі — 27 курганных насыпаў. Сляды захараненняў далёкіх продкаў у 1889 годзе знайшоў другі выдатны беларускі даследчык — археолаг Уладзімір Завітневіч. Яго знаходкі — прадметы быту, посуд, нажы, красалы, жаночыя ўпрыгожанні — дазволілі зрабіць важныя навуковыя вывады.Дзед вызначаўся фізічнай сілай і цвёрдым характарам. Казалі, што ён пешшу хадзіў з Барыскавічаў у Кіеў і назадДа кастрычніцкай рэвалюцыі ў вёсцы на паўтары сотні двароў было амаль 800 жыхароў. У 1887 годзе сяляне прасілі валасныя ўлады хадайнічаць перад Мінскім губернатарам аб адкрыцці ў Барыскавічах народнага вучылішча. У 1905 годзе земскае народнае вучылішча тут нарэшце было адкрыта. Сучасная ж рэчаіснасць такая, што з 2001 года ў вёсцы перастала дзейнічаць пачатковая школа: зусім мала засталося дзяцей школьнага ўзросту.
Карані і крона
Знаёмства з прадстаўніком “моцнага жыццярадаснага роду”, як характарызаваў палешукоў вядомы этнограф Сербаў, атрымалася цікавым. Уладзімр Кабзар, якому восенню споўніцца 75, жыве ў былым ваенным гарадку Бабровічы. “Мяне тут усе ведаюць. Спытайцеся, дзе знайсці марака, і кожны падкажа. Раней у Бабровічах жылі ўсё больш лётчыкі, а марак — я адзін”, — патлумачыў Кабзар. Так склалася жыццё, што нашчадак сялян-палешукоў тры з паловай дзесяцігоддзі служыў на Балтыцы. Порт прыпіскі, дзе ён кінуў жыццёвы якар са сваёй шматлікай сям’ёй (жонка і шасцёра дзяцей) — латвійскі горад Ліепая. На розных ваенных караблях плаваў мічман Кабзар. Атлантычны акіян і восем мораў зведаў удоўж і ўпоперак. Яркіх успамінаў з тых часоў засталося шмат. Пра тое, напрыклад, як у 1968 годзе ўдзельнічаў у буйных вучэннях “Поўнач”, кіраваў якімі камандуючы флотам адмірал Гаршкоў. Іх судна суправаджала дэсантныя караблі, што накіроўваліся ў Швецыю і Данію. Пра надзвычайнае здарэнне на Балтыцы, калі ў 1975-м капітан трэцяга рангу Саблін спрабаваў угнаць эсмінец “Сторожевой” у варожыя воды. Пра тое, як на малым процівалодачным караблі лавілі дыверсантаў — заходнегерманскую падводную лодку, якая “выпадкова” трапіла ў балтыйскія воды. Подых “халоднай вайны” яны, ваенныя маракі, адчувалі ў кожным паходзе. У алжырскім напрамку іх судна на доўгім адрэзку марскога шляху суправаджалі амерыканскія фрэгат і два верталёты — з паветра. У 1985-м здзейснілі сямімесячны паход у Сірыю. Суправаджалі дзве падводныя лодкі, каб перадаць іх сірыйцам. За сірыйскі паход ветэран Узброеных Сіл СССР мічман Кабзар узнагароджаны памятным знакам “За дальні паход”. Дарэчы, два сыны Уладзіміра Рыгоравіча — Генадзь і Сяргей — таксама маюць адносіны да марской службы: першы абслугоўваў атамную падводную лодку, другі — служыў у марской пяхоце, удзельнічаў у парадзе ў Маскве на Чырвонай плошчы. Сястра Ларыса расказвае, што Сяргей знешне надта падобны да дзеда Лоўгіна. І не толькі ён. Усе яе браты, родныя і стрыечныя, пайшлі ў дзеда: такія ж высокія, статныя. На зыходзе савецкай эпохі сям’і Кабзароў давялося сутыкнуцца і з іншымі рэаліямі. У пачатку 90-х карэннае насельніцтва Прыбалтыкі адносілася да ваеннаслужачых савецкай арміі, мякка кажучы, без павагі. Не аднойчы чулі ў свой адрас горкія папрокі: “акупанты”. І гэта нягледзячы на тое, што маці Святлана Казіміраўна — літоўскай нацыянальнасці. Прыйшлося пакінуць чатырохпакаёвую кватэру ў Ліепаі і вяртацца на радзіму ў Беларусь. Галаве сям’і, як былому вайскоўцу, далі жыллё ў Бабровічах. Тут жа і двое сыноў. Хтосьці ўладкаваўся ў Мазыры. Аднак ніхто і думаць не мог, што іх род праз дзесяцігоддзі атрымае працяг у Барыскавічах. Дачка Ларыса не прыслухалася да бацькоўскага папярэджвання: “Ты не ведаеш, як цяжка трэба ў вёсцы працаваць”. У 28 гадоў разам з мужам і трымя дзецьмі без ваганняў прыехала жыць у беларускую вёску — купілі хату ў Барыскавічах. — Мясцовыя жыхары спачатку адносіліся да нас насцярожана, не верылі, што затрымаемся надоўга. І я не аднойчы ўспамінала словы бацькі пра тое, што ў вёсцы жыццё не мёд. Але нічога, навучылася і карову даіць, і ў агародзе ўпраўляцца. Давялі да ладу дом, і ён цяпер адзін з самых прыгожых у вёсцы. Тут у нас нарадзілася чацвёртае дзіця, і за дваццаць гадоў сярод вяскоўцаў даўно ўжо сталі сваімі. Ні ў які горад больш не хачу.Реклама
Другие статьи раздела
Самое читаемое
-
Змеи Беларуси – кого стоит бояться?
- 15:08
- 04.10.2018
- 238683
-
В Гомеле после капремонта открылось общежитие для студентов медуниверситета
- 15:36
- 29.12.2020
- 208954
-
В Гомельской области появился первый электробус. Посмотрите, как он выглядит
- 11:23
- 01.07.2021
- 205761
-
Сегодня в Гомеле начинают отключать отопление в квартирах
- 09:23
- 04.05.2021
- 172575
-
Блогер-тракторист из Хойников уехал в Латвию, а теперь рассказывает сказки о том, что у него хотели забрать ребенка
- 12:54
- 12.01.2021
- 156997
-
Как мы работаем и отдыхаем в мае
- 10:54
- 01.04.2019
- 145922
-
КСУП «Агрокомбинат «Холмеч» опираются на профессионализм людей – и это приносит результат
- 17:29
- 26.09.2020
- 138419
-
В Гомельском районе молодожены, возвращаясь со своей свадьбы, спасли пострадавших в ДТП
- 09:47
- 01.10.2019
- 134198
-
Кто протягивает руку первым, а кто, здороваясь, извиняется: правила хорошего тона
- 18:47
- 12.02.2017
- 118988
-
В Беларуси на этой неделе ожидается до +20°С
- 14:38
- 29.10.2018
- 115880



