Сокалавы сакалы

  • 2986
  • 12:19
  • 21.08.2012
  • Мікола ЕРМАКОЎ
Поделиться
Гісторыка-дакументальная хроніка “Памяць” Веткаўскага раёна пералічвае прозвішчы 110 мужчын вёскі Барталамееўка, якія не вярнуліся з Вялікай Айчыннай вайны. У асобныя хаты паштальён прынёс па дзве-тры пахаванкі. На шчасце, здараліся і выключэнні. На падворак Міхайлы Сокалава пасля крывавых змаганняў ступілі ўсе трое яго сыноў — Аркадзь, Сяргей і Ягор. Яны адразу ж уліліся ў калгасную сям’ю, як самі казалі, “старэйшымі, куды пашлюць”.
Хаты трох братоў стаялі на вуліцы пад назвай Сяло на адлегласці не больш за тры сотні метраў ад нашай. Гамонку старэйшага Аркадзя я чуў штодзённа — у нас з ім была агульная мяжа-мургаві­шча са шматлікімі пчалінымі домікамі на ёй і вуллём у разгалінаванні разлапістай грушы-дзічкі. Прынясе, бывала, дзядзька глячок мёду з чарговай пасечнай узяткі і скажа маці: “І тваіх жа, Наталля, дзяўчат ды хлопцаў мае пчолкі джалілі”. Пасля ўдалага палявання ўчарашні воін дзяліўся з намі і суседзямі заечымі тушкамі. Калі трапляўся шчодры гаспадар і за падмогу ў разборцы парсюка даваў Аркадзю кавалак свежаніны, дык ён і ёю распараджаўся гэтак жа. У сваю чаргу, суседзі, калі забівалі кабанчыка, неслі пачастунак Міхайлавічу. Нарыхтуе ён на канавах капу сена, прывязе да варотаў — людзі сем’ямі хапаліся за вілы, каб дапамагчы схаваць корм на гарышча ці скласці ў стажок на агародзе. Так гуртавалася агульнасялянская сям’я, стрыжнем якой на нашай вуліцы былі Сокалавы, як казалі ў вёсцы, Сакалы на чале з Аркадзем Міхайлавічам. Якая спецыяльнасць і які асноўны занятак быў у дзядзькі, ніхто з вяскоўцаў дакладна вызначыць не мог — у яго ўсё атрымлівалася і гарэла ў руках. Быў ён не толькі адмысловым пчаляром і заўзятым паляўнічым, а і ўдалым цесляром, мулярам, пільшчыкам і нават спецыялістам па пашыву мужчынскага і дзіцячага адзення. Па маім асабістым бачанні, перш за ўсё Міхайлавіч з’яўляўся таленавітым педагогам… без умення распісацца. З сябрам Пятром Папковым мы знайшлі па недакуранай самакрутцы, прыпалілі іх і дэманстратыўна сталі на лаўку перад кветнікам-садочкам нашай хаты. Нечакана для нас ззаду наблізіўся дзядька Аркадзь і спакойна сказаў: “Вось што, Міхеі (так называў ён усіх хлапчукоў), будзеце смаліць, дык не пашыю штаноў да школы”. Недзе ў жніўні мая маці адшукала кавалак цёмна-шэрага палатна і павяла мяне да Міхайлавіча. Дзядзька Аркадзь узяў у рукі метр з дэрмаціну, наважыўся вымяраць мой стан і раптам шпурнуў той метр на швейную машынку “Зінгер”: — Не буду, Наталля, шыць штаны твайму Колю — бачыў яго з недакуркам. — Ды што ты, Міхайлавіч? Я ўжо яму “Буквар”, сшыткі ды ручку з чарнілкай прыдбала. Дзядзька паглядзеў у мае павільгатнелыя вочы, узяў метр і сказаў: “Пабачу, як ты прыслухаешся да майго патрабавання”. Пасля таго выпадку ў другі раз я закурыў толькі на трэці год работы ў веткаўскай райгазеце “Пад ленінскім сцягам”. Між іншым, з маіх аднагодкаў, выпускнікоў 10 “А” класа Барталамееўскай сярэдняй школы, насіў у кішэні стоўчаны ў ступе самасад толькі адзін хлопец, пачатак вучобы якога ў школе затрымала вайна. Сярод дзяўчат размова пра папяросы і цыгарэты, на якія наша пасляваенная крама была надта багатая, размова нават не вялася.
На Радаўніцу да магіл Сокалавых падыходзяць літаральна ўсе вяскоўцы і моўчкі аддаюць ім даніну павагі за бескарыслівую дапамогу ў гады вялікіх выпрабаванняў
Другі выпадак сваёй “педагогікі” Сокалаў прадэманстраваў бліжэй да восені таго ж года. Нашу з сябрам Пятром увагу прыцягнула груша-фунтоўка на канцы Аркадзевага агарода: у нас не было сваіх садоў, бо дрэвы выкарчавалі ў сувязі з увядзеннем падатку на пладовыя насаджэнні. Мы цішком падкраліся да грушы, узлезлі наверх і пачалі засоўваць фунтоўкі за пазуху. Неспадзявана ў баку Аркадзевага двара зарыпелі вароты, і на выхадзе паказалася каржакаватая фігура гаспадара. Мы стрымгалоў зваліліся з дрэва і па зялёным яшчэ бульбоўніку пабеглі да поплава з канаваю, якая па канцах агародаў усяе вёскі каціла свае воды ў раку Бесядзь. Нам здавалася, што дзядзька Аркадзь нічога не чуў і не бачыў. Не тое было! Пад вечар, калі з пашы вярнуўся статак, маці даіла сваю Зорку, а мы з Пятром сядзелі на кавалку жарнава, які служыў прыступкай для ўваходу ў хату, у двор зайшоў Аркадзь Міхайлавіч. На ўсялякі выпадак мы шмыганулі на агарод і прытаіліся за плотам. — Наталля, калі твой Коля з Пецькам захочуць паласавацца грушамі або яблыкамі, дык няхай прыходзяць да мяне, я ім поўныя прыполлі насыплю, — пачаў гамонку госць. — Дзякуй, Аркадзечка, абодвум перадам, — адазвалася маці. — А то да чаго дадумаліся яшчэ амаль што напачатку лета? Нарвалі яблыкаў-зелянкоў у былым папоўскім садзе і пайшлі дзяліць іх між сабою за стол старшыні сельсавета. — Знаць, за краты захацелі хлопцы, — заключыў Аркадзь Міхайлавіч і дробна затупаў да выхаду. Не ведалі і нават не здагадваліся мы тады з Пятром, што паміж Аркадзем і маёй маці існавала папярэдняя дамоўленасць на такі крок-урок. У час вайны нашу вёску абышлі баявыя дзеянні і ў ёй уцалелі літаральна ўсе пабудовы. Праўда, вуліцы і наваколле патрабавалі навядзення парадку. Гэтым і займаліся тыя, хто быў пры сіле. Асабліва шчыра ўвіхаліся нядаўнія воіны: за сябе і за тых, хто не вярнуўся з вайны. Пакрысе сціхаў плач удоў, дзеці гулялі ў вайну ў кустоўях і на лясных выгарах. І нечакана… У час сенакосу 1947 года, калі ўсё працаздольнае насельніцтва знаходзілася на аддаленым Папоўскім лузе, у вёсцы ўзнік пажар. Загарэўся будан для сабакі, з якога полымя перакінулася на страху суседняга хлява. Напэўна, як заўсёды здараецца ў такіх выпадках, раптоўна разгуляўся моцны вецер, і, пакуль з Веткі і Гомеля прыехалі пажарныя, чырвоны певень пакінуў пасля сябе толькі коміны амаль што ад паўтары сотні домаўладанняў. Жыллё страцілі і ўсе трое братоў Сокалавых. Аркадзь часова спыніў паляванне, кравецкі занятак, прытупіў увагу да Міхеяў і цалкам пераключыўся на будаўнічыя справы на сваім і суседскіх дварах. У наш акт на бясплатны водпуск лесу трапіла сасна-насенніца незвычайнай таўшчыні. Усёй раднёй мы спілавалі тую сасну, раскрыжавалі і па снезе на санях-гарах з шырокімі палоззямі перацягнулі на старое падворышча (асабіста я быў толькі назіральнікам). Вясной узнікла праблема распілоўкі бярвёнаў. Мужчыны, якія прыходзілі з суседніх вёсак на падмогу пагарэльцам і па заробак, глядзелі на тоўстыя круглякі і адмаўляліся брацца за прадольную пілу. На выручку зноў жа прыйшоў Аркадзь Міхайлавіч. Пры дапамозе мужчын з усяго акалотка ён ускочваў дрывоціны на сталюгі і, стоячы наверсе, прадольнай пілой з напарнікамі ўнізе, якія пачаргова змяняліся, абганяў абапалкі, выпілоўваючы плашкі для падаконнікаў, а затым ужо разганяў усе сасновыя кавалкі на дошкі. Яны аказаліся даволі шырокімі, смалістымі і праслужылі падлогай у хаце аж да закопвання яе ў зямлю пасля катастрофы на ЧАЭС. — З якой нагоды, Міхайлавіч, адважваўся тады на такое цяжкае выпрабаванне? — пацікавіўся я ў суседа, калі сустрэўся з ім гадоў праз дваццаць пяць пасля пажару. — Мне было балюча глядзець, што ўдовам-пагарэльцам пагражала сустрэча трэцяй зімы без уласнага жытла, — адказаў ён. — А ў калгасе, сам павінен помніць, не было тады ні піларамы, ні іншага прыстойнага тэхнічнага абсталявання. Вось так — ні больш ні менш: было балюча глядзець! Сярэдні брат Сокалавах Сяргей не вызначаўся ўмельствам, затое лічыўся свое­асаблівым вясковым волатам. У Барталамееўцы не было ніводнай сям’і, якой ён не дапамог бы вытраляваць з лесу і перавезці ў двор дубы, сосны і елкі для будаўніцтва і рамонту хатаў, пакласці на воз ці трактарны прычэп стог сена, саломы, прыпасвіць кароў у першы дзень пашавага ўтрымання. З другога боку, не было выпадку, каб Сяргей не наведаў вясельнага застолля, хрэсьбін ці горкага пахавання нябожчыка. Зойдзе ў хату, возьме чарыцу, скажа добрае слова, а перад развітаннем параіць кампаніі весяліцца ці не ўбівацца горам. На завяршэнне кароткай “прамовы” Сяргей абавязкова дадаваў: “Не буду перашкаджаць бяседзе, мне пара ў люлю”. Рабіў гэтак зусім не таму, што быў некампанейскім. Ён не любіў назаляць іншым, а сам са сваімі здабыткамі і ўласнасцю адкрываўся нарасхрыст. Сяргей Міхайлавіч стаў першым у вёсцы ўладальнікам тэлевізара, і яго хата пераўтварылася ў своеасаблівы філіял сельскага Дома культуры, які быццам па наканаванню стаяў насупраць. У двор Сяргея ішлі ўсе жадаючыя паглядзець канцэрт, рэпартаж з футбольнага матча. — А мне якая розніца? Штодзень клубная музыка агалошвае хату, бурліць школьны стадыён праз дарогу, быццам у мяне на двары дзеі дзеюцца… Ягор паводзіў сябе больш сціпла і непрыкметна, хоць ад падмогі і парады любому чалавеку таксама не адмаўляўся. Калі я быў васьмікласнікам, брыгадзір паляводчай брыгады выдзеліў нашай сям’і каня для пасадкі бульбы на Вялікдзень. Дакладна не помню чаму, але не знайшлося аратага. Перад адыходам на працу ў брыгаду Ягор зайшоў на наш агарод і прапанаваў прайсці два радкі пасяродку будучай бульбяной плантацыі, навесці так званы склад. — Я не маю права адкарасквацца ад пасадкі калгаснай бульбы, дык ты, Коля, цвёрда бярыся за лейцы, плуг і смела хадзі за канём. Агарод ваш даўгі, разваротаў будзе мала, і, я ўпэўнены, ты здолееш абысціся без падмогі. Тады я першы і апошні раз у жыцці араў агульнасямейны прысядзібны ўчастак. У далейшым не было ў тым патрэбы, а часам і магчымасцяў. З Ягорам давялося адкрыта пагутарыць прыкладна за год да ягонай смерці. — А знаеш, чаму я малалюдскі? На першым годзе вайны пад Беластокам трапіў у палон, надрываў пуп на нямецкім ваенным заводзе і ў гаспадарцы баўэра, які меў уплывовасць у фашысцкай Германіі і маёмасць якога ахоўвалася асобамі пры лічманах. Мне б лягчэй было застрэліцца ў час палону, але не было як і чым. Так здарылася, і ад гэтага не збегчы, не схавацца… Ад імя братоў і сябе скажу па-свойму: дапамагаючы людзям, мы аддзячвалі Усявышняму за захаванне нашых жыццяў, шкадавалі дзяцей-сірот. Тыя мае равеснікі, якія жылі па суседству з Сакаламі, многае перанялі ў братоў і пранеслі праз усё сваё жыццё. Усе трое пахаваны на Барталамееўскіх могілках, непадалёк ад таго месца, дзе ляжаць мая матуля і самая старэйшая ў сям’і сястра Таццяна, якая, між іншым, як калгасная жняя і касец была адзначана медалём “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.”. Калі на Радаўніцу бываю на могілках роднай вёскі, дык кожны раз бачу, як да магіл Сокалавых падыходзяць літаральна ўсе вяскоўцы і моўчкі аддаюць ім даніну павагі за бескарыслівую дапамогу ў гады вялікіх выпрабаванняў. Спадзяюся, што гэтыя радкі ўпішуцца ў агульную гісторыю вёскі Барталамееўка, якая спыніла сваё існаванне з прычыны катастрофы на ЧАЭС. І праз “Гомельскую праўду” захаваюцца для нашчадкаў, якія, не выключана, зноўку заселяць Прыбесяддзе.

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей