Сцежкамі песняра

  • 12363
  • 15:06
  • 02.11.2012
  • Гомельская правда
Поделиться

130 гадоў таму на Стаўбцоўшчыне нарадзіўся Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас)

Мікалаеўшчыну я звычайна наведваю летам, калі ёсць магчымасць павольна пахадзіць па шаўковых берагах Нёмана, пабываць у мясцінах, дзе гэтак жа, з вялікай любоўю да сваёй малой радзімы крочыў наш славуты зямляк Якуб Колас.
Партрэт Якуба Коласа работы У. Стальмашонка
…Тым разам, пабыўшы ў вёсцы два дні, я пакідаў яе ўначы. Хацелася рамантыкі, асабліва палашчыць вочы месяцам і зоркамі, якія будуць асвятляць дарогу. А палове трэцяй гадзіны выйшаў з хаты сястры Соні. Стаяла ціхая і цёплая ліпеньская ноч. Як па заказу, месяц і зоркі выразна паказвалі шлях. Большая частка яго, дзесьці 8 кіламетраў, пралягала праз лес. Ішоў я нетаропка. Лес быў сцішаны, маўклівы. Толькі ўверсе крыху павяваў ветрык, гойдаючы галіны соснаў і ялін. Паветра асвяжалася лясным разнатраўем і хвоей, таму ішлося і дыхалася вельмі лёгка. Міжволі падумалася, што вось так, услухоўваючыся ў лясную цішыню, 100 гадоў назад ішоў гэтым шляхам Янка Купала, каб сустрэцца з Якубам Коласам. Ды і сам Кастусь Міцкевіч колькі разоў тупаў па гэтай дарозе. А дзядзька Антось? Прыпамінаеце з “Новай зямлі”: “Вось дзядзька ўжо Маргі мінае і ў даль з задумай паглядае”. Дык вось і я толькі што мінуў Маргі — невялікі ўчастак поля сярод лесу, зірнуў на ўжо амаль паспелую збажыну і рушыў далей. Прайшоў былое Балотца, а за ім і Акінчыцы паказаліся. Тут я сустрэў світанак і яшчэ раз уважліва агледзеў невялікую хатку, абсталяваную пад музей, дзе ў 1882 годзе, 3 лістапада па новаму стылю і з’явіўся на свет вялікі беларускі паэт і празаік. У Стоўбцы на чыгуначную станцыю прыйшоў у 6 гадзін. У палавіне сёмай электрычка паімчала мяне ў Мінск, а ў думках я яшчэ доўга заставаўся ў Мікалаеўшчыне і яе ваколіцах… Калі бываю тут, з асаблівым душэўным хваляванннем іду да берага Нёмана, на мост, каб зноў і зноў акінуць вокам гэтыя прывабныя з далёкага дзяцінства і юнацтва краявіды: заліўныя лугі, Паласенскі зубчасты і ўзгорысты лес, урочышчы Сямёнаўкі і Засценак, Ізногу, Дземяноў гуз, занёманскія вёскі Негертава, Кнотаўшчыну і Шахноўшчыну, абрысы Караліны, Новага Свержаня і Стоўбцаў, турбазы “Высокі бераг”. Які шырокі прастор адкрываецца вачам! А які абсяг думак абуджае ён! У юначыя гады часта бываў тут са сваімі сябрамі студэнтамі і маладымі настаўнікамі і Кастусь. Гаманілі, спявалі песні, жартавалі, марылі пра будучае. У той час тут на ўзгорку стаяла карчма. Цяпер высокія насыпы берагоў злучае бетонны мост. Многім нёманскім мясцінам знаёмы крокі песняра. Рака акружае Мікалаеўшчыну з трох бакоў — з усходу, поўдня і захаду. І куды ні ступіш — усюды, можна сказаць, згадаеш Коласа. Вось, напрыклад, Прыстанька — урочышча ва ўсходнім вярхоўі Нёмана. Калісьці тут спыняліся плыты, звязаныя з драўляных запасаў Уздзеншчыны. Плытнікі адпачывалі, рыхтаваліся да далейшага воднага шляху. А чым жа Прыстанька напамінае пра Коласа? А тым, што летам 1906 года на гэтым высокім беразе нелегальна адбыўся з’езд настаўнікаў народных школ Беларусі, моладзь абмяркоўвала свае адносіны да рэвалюцыйнай сітуацыі ў Расіі. Актыўны ўдзел у з’ездзе прыняў і Канстанцін Міцкевіч. На жаль, падзея гэтая адмоўна адбілася на далейшым лёсе настаўнікаў. З’езд быў раскрыты паліцыяй, а яго ўдзельнікі звольнены з пасад. Рака тут робіць круты выгін і шпарка гоніць свае воды далей каля шырокага лугу, які мікалаеўцы называюць Ёлавам, таму што ў старажытнасці тут рос яловы лес. Коласу ж луг быў блізкім з той прычыны, што ў час летніх канікулаў разам з дзядзькам Антосем ён касіў траву і рыхтаваў сена, лавіў рыбу ў Нёмане. Дарэчы, на гэтым яго адрэзку з 1921 па 1939 год праходзіла дзяржаўная граніца паміж Польшчай і Савецкім Саюзам. Мікалаеўшчына ў выніку падзелу Беларусі, згодна з Рыжскім дагаворам, аказалася пад Польшчай. Ізноў у думках крочу па беразе далей. Нёман выгінаецца то ўправа, то ўлева. Наперадзе відаць невялікі лясок, а пры ім Лужок. Гэта Клешчыцы. І сапраўды, Нёман тут бярэ і лес, і луг з двух бакоў як у клешчы. Бавіў і тут вольны час Кастусь, а стаўшы паэтам, прысвяціў вабнай мясціне верш. “Коціць удаль Нёман чыстыя воды, — пісаў паэт, — травы шаўковыя берагам сцелюцца, у люстра ракі ўглядаецца гай”. З верша атрымалася мілагучная песня. Раней яе часта можна было паслухаць па радыё. Цікавая гэта мясціна і тым, што менавіта адсюль узнікла наша вёска. Згодна з паданнем, у старажытныя часы ў гэтым месцы спыніўся пасля доўгага плавання па Нёману на чайцы (так у нас называюць лодку — прым. аўтара) нясвіжскі князь Мікалай Чорны. Надта ж спадабалася яму гэтае ўрочышча і наваколле. І вырашыў ён тут заснаваць паселішча, якое і стала называцца па імені князя — Мікалаеўшчына. А Нёман імчыць далей. Мінаю вялікую Амброжыкаву гару, дзе таксама паэт бываў у маладосці. Заварочваю да моста і крочу ўніз па рацэ. Непрыкметна дайшоў да могілак, да якіх цяпер ад Нёмана рукой падаць. Тут пахаваны бацькі паэта і іншыя яго сваякі. Знайшоў тут прытулак і яго малодшы брат Юзік, які дасканала ведаў напа­мяць усю “Новую зямлю” і артыстычна дэкламаваў паэму. За могілкамі вырас малады хвойнік, а за ім размясціўся хутар Смольня. Вядомы ён тым, што некаторы час тут жыў паэт пасля вяртання з турмы, дзе адбываў тры гады несправядлівага пакарання за надуманае паліцыяй распаўсюджанне рэвалюцыйных пракламацый. У гэтай жа хатцы ў 1912 годзе ўпершыню сустрэліся Якуб Колас і Янка Купала. Падноўленая, яна і цяпер стаіць, навяваючы думкі пра двух народных паэтаў Беларусі. Захаваліся тут і рэчы тагачаснага ўжытку, будзяць памяць і дрэвы, пасаджаныя ў той далёкі час Коласам. Побач размешчаны будынак філіяла Літаратурнага музея Якуба Коласа. Хутар і філіял музея добра праглядваюцца з берага Нёмана.
Альбуць: тут вытокі “новай зямлі”
Далей шлях вядзе мяне па тэрыторыі турбазы “Высокі бераг”. Так, гэта той высокі бераг, пра які паэт яшчэ ў 1915 годзе пісаў: Высокі бераг, кут мой мілы! Люблю я жоўць тваіх пяскоў, Разложных хвоек гурт пахілы І ціхі гоман лазнякоў. Ад турбазы Нёман рэзка бярэ ўлева, а затым паварочвае направа і нясе свае воды ў бок Стоўбцаў. Тутэйшы луг і дубовае ўрочышча носяць назву Бервянец (ад слова “бярвенне”, яго тут збіралі для сплаву). Знаходзячыся ў турме, Колас з душэўнай шчымлівасцю ўспамінаў гэтыя родныя мясціны. Свае эмоцыі ён адлюстраваў у пачатку “Новай зямлі”: Ды я душою ажываю, Як вокам мыслі азіраю Цябе, мой луг і бераг родны, Дзе льецца Нёман срэбраводны, Дубы дзе дружнай чарадою Стаяць, як вежы над вадою. І, нарэшце, апошні мой прыстанак — Альбуць. Прайшоўшы лугам і лесам, загляну ў былую леснічоўку, дзе Колас правёў свае дзіцячыя і юнацкія гады, дзе ўпершыню праявіўся яго паэтычны талент. Менавіта ў многім дзякуючы Альбуці была створана цудоўная паэма “Новая зямля”. Ды і “Сымон-музыка” мае да леснічоўкі непасрэднае дачыненне. У дзень майго падарожжа па коласаўскіх мясцінах стаяла цёплае сонечнае надвор’е. І настрой сугучна адпавядаў радкам паэта, якімі ён услаўляў родны краявід: Зялёны луг, як скінуць вокам, Абрусам пышным і шырокім Абапал Нёмна рассцілаўся, За хатай зараз пачынаўся, Ды ішоў квяцістай раўніною З мурожнай слаўнаю травою І ззяў на сонцы ў пералівах…

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей