Каму ў Аўцюках спатрэбіўся ганарысты парсюк

  • 4396
  • 16:41
  • 05.11.2012
  • Гомельская правда
Поделиться
Галоўным сюрпрызам на нядаўнім VII Усебеларускім фестывалі народнага гумару стала адкрыццё ў Малых Аўцюках музея гумару — своеасаблівай аўцюкоўскай сядзібы Каласка і Калінкі. Праект музея выкананы калінкавіцкім прадпрыемствам “Аптыміст” і рэалізуецца не толькі за бюджэтныя сродкі. Да яго ўвасаблення далучыўся і наш зямляк — украінскі прадпрымальнік Аляксандр Драгун. Экспанаты для экспазіцыі, што размясцілася ў памяшканні музея, збіралі з усёй вобласці. Дарэчы, жарты, анекдоты, смешныя гісторыі з жыцця іншых гарадоў і вёсак Беларусі тут таксама захоўваюцца — у “Каморы гумару”. Стварэнне і добраўпарадкаванне музейнай сядзібы — з карчмой, пяцізоркавай начлежкай, млыном-ветраком, цэлым сялянскім падвор’ем — працягваецца. Паступова яго насяляюць каларытныя персанажы нацыянальнага гумару, да якіх таксама прыклалі руку лепшыя майстры з усёй Гомельшчыны. Што і казаць, відовішча ў цэлым адпавядала задуманаму, але чагосьці не хапала. Першачарговыя патрабаванні патэнцыяльных гасцей і турыстаў з даўніх часоў не надта змяніліся. Лозунг “Хлеба і відовішчаў!” не страціў сваёй актуальнасці, асабліва, калі ён тычыцца такога аб’екта. Таму заканамерна, што нядаўна на тэрыторыі сядзібы з’явілася карчма. “Ганарысты парсюк” — такую назву атрымала кафэ, аздобленае ў нацыянальным стылі. Ганарысты парсюк Па задумцы аўтараў і арганізатараў праекта меркавалася, што сядзіба будзе выкарыстоўвацца як аб’ект аграэкатурызму. — Аднак відавочна, што гэтага недастаткова для рэалізацыі ўсіх планаў, — лічыць Аляксандр Драгун. — Я не спыняюся, штурхаю свой праект уперад. На базе сядзібы зарэгістравана прыватнае экатурыстычнае ўнітарнае прадпрыемства “Сядзіба гумару”. Яно і будзе выконваць асноўную работу па развіцці аб’екта. Аляксандр паведаміў, што ў далейшых планах — адкрыццё сувенірнай лаўкі. Ну якая ж сядзіба Каласка і Калінкі без традыцыйных беларускіх і эксклюзіўных аўцюкоўскіх вырабаў? За стварэнне тэматычных аўцюкоўскіх сувеніраў бярэцца аб’яднанне “Белмастацпромыслы”. З ім ужо і адпаведны кантракт падпісаны. Рыхтуюцца размясціць у сядзібе і пастаянную выстаўку гумарыстычных карцін. І, зразумела, застаецца ў сіле прапанова да ўсіх нераўнадушных людзей — не саромецца, несці ў сядзібу розныя смешныя і наогул арыгінальныя, на іх думку, экспанаты.

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей