З Вінніцы ў Хойнікі па вопыт

  • 1728
  • 11:14
  • 24.01.2008
Поделиться
Нядаўна прадстаўнічая дэлегацыя Вінніцкай вобласці Украіны пабывала ў Хойніцкім раёне. У яе састаў уваходзілі кіраўнікі прадпрыемстваў розных форм уласнасці, дэпутаты, прадстаўнікі грамадскасці і сродкаў масавай інфармацыі.


Сустрэча ўкраінскіх гасцей адбылася надвячоркам на мяжы Хойніцкага і Калінкавіцкага раёнаў. У гэты ўрачысты момант неба зацягнула цёмнымі аблокамі. Здавалася вось-вось пачнецца дождж. Але на зямлю ўпалі толькі рэдкія кроплі. Сама прырода не стала азмрочваць знаходжанне братоў-украінцаў на беларускай зямлі. Гасцей шчыра і сардэчна вітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта М. І. Садчанка. Пасля ўзаемных прывітанняў аўтобус з дэлегацыяй накіраваўся ў вёску Глінішча, у музей І. П. Мележа.
Потым адбыўся пераезд на палетак цукровых буракоў Хойніцкага аграсервісу, дзе ўкраінцы азнаёміліся з тэхнікай вытворчага аб’яднання “Гомсельмаш”. Тлумачэнні даваў першы намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства І. І. Пратура. Аграрнікі з Украіны мелі добрую магчымасць паглядзець, як працуюць машыны аб’яднання на палетках. Асабліва зацікавіла ўдзельнікаў дэлегацыі тое, што выкарыстанне комплексу машын “Палессе” з загрузкай уборачнага сезона на 1000 і больш гадзін дазваляе знізіць тэрмін акупнасці тэхнікі да 1,5 — 2 гадоў, што не можа быць забяспечана іншымі камбайнамі.
— Мэта візіту дэлегацыі з Вінніцкай вобласці якраз і была ў тым, каб на месцы атрымаць інфармацыю з першых вуснаў, паглядзець, як працуе тэхніка “Гомсельмаша”, — гаворыць старшыня Гомельскага аблсельгасчарчу Л. М. Апанасюк. — Гэта не першая дэлегацыя, якая прыбывае ў наш рэгіён з Украіны. Сёлета ў нас пабывалі прадстаўнікі многіх сельгаспрадпрыемстваў. Хойніцкі раён для дэманстрацыі тэхнікі “Гомсельмаша” выбраны невыпадкова — тут зараз шмат сельмашаўскай тэхнікі. Раён паспяхова спраўляецца з усім аб’ёмам уборачных работ. На Украіне многа бураковых плантацый, аднак тэхнікі для ўборкі салодкіх карэнняў, якую выпускае “Гомсельмаш”, там пакуль мала. Пасля гэтага візіту, магчыма, будуць заключаны дагаворы на яе пастаўку.
Не хаваючы эмоцый, украінцы дзяліліся сваімі ўражаннямі аб хойніцкім краі, а таксама аб сітуацыі, якая зараз існуе на Украіне.


Васіль Чэрній, кіраўнік дэлегацыі, намеснік главы адміністрацыі Вінніцкай вобласці па сельскай гаспадарцы:
— Сродкі масавай інфармацыі нашай краіны вельмі многа гавораць у апошні час аб тым, быццам беларускі народ жыве ў беднасці, заняпадзе. Мы пераканаліся, што гэта зусім не так. Тое, што ўбачылі ў вас, пераўзышло ўсе чаканні. Тут бурліць жыццё, узводзяцца жылыя дамы, людзі атрымліваюць дастойную зарплату, маюць сацыяльныя гарантыі. І гэта ў глыбінцы, а не ў буйным цэнтры. Патрэбна прызнаць, што ад Беларусі мы адсталі. На Украіне сельская гаспадарка разбурана. У нас з’явілася новае паняцце ў эканоміцы — секвестр, згортванне. З цягам часу ўсё большым становіцца разрыў паміж багатымі і беднымі.
Анатолій ПАЧЭЎСКІ, Герой Украіны, дырэктар прыватнага арэнднага прадпрыемства “Радоўскае”:
— У Беларусь я прыязджаю трэці год. Быў аднойчы ў савецкі перыяд, затым у час перабудовы, і вось зараз. Вельмі многае сёння ўразіла. Я лічу, што кіраўніцтва Хойніцкага раёна, вобласці і рэспублікі — людзі на сваім месцы, якія мысляць заўтрашнім днём, клапоцяцца аб лепшым жыцці людзей. Да прыкладу, у жывёлагадоўчых памяшканнях камбіната “Зара” Мазырскага раёна, дзе мы таксама пабывалі, чысціня, парадак, дысцыпліна. Кожны чалавек ведае сваю справу і выконвае яе добрасумленна. У Беларусі ўсе людзі ствараюць дабро для сябе і дзяржавы. Шлях, якім ідзе ваша краіна — правільны шлях. Жадаю беларускаму народу шчасця, няхай вам спадарожнічае ўдача, дапамагае Бог.
Пятро МАЗУР, начальнік упраўлення аграпрамысловага комплексу Трасцянецкай райдзяржадміністрацыі Вінніцкай вобласці:
— Пабываўшы ў вас, убачыў, што ў Беларусі захавана самае галоўнае — бясплатныя адукацыя і ахова здароўя.
Гарады, пасёлкі і вёскі вашы вельмі прыгожыя і акуратныя. Дагледжаныя дарогі і вельмі многа кветак. У нашай вобласці зусім іншы стан спраў: пабелена і пафарбавана толькі каля камерцыйных крам. Калі б давялося вас запрасіць да сябе, то і паказаць не было б чаго. Прадпрыемствы сёння не працуюць, а раней жа яны пастаўлялі сваю прадукцыю ў многія краіны свету. Маланкава растуць цэны на прадукты харчавання, бензін. Тарыфы на камунальныя паслугі ўзрастаюць ледзь не штодня. Таму гледзячы, як жывуць беларусы, па-сяброўску вам зайздрошчу.
Святлана АРЛАМАВА, карэспандэнт Вінніцкага абласнога тэлебачання:
— Мне вельмі ў вас спадабалася. Убачанае ўразіла, такога ў нас няма, не існуе “залатой сярэдзіны”. У нас ёсць толькі багатыя і толькі бедныя. Афіцыйная Украіна сёння праводзіць палітыку раз’яднання беларусаў і ўкраінцаў, самы лепшы сябар у яе — ЗША. Пастаянна наведваюцца амерыканскія саветнікі і дыктуюць нам, куды ўкладваць грошы. Пра патрэбы і клопаты простых людзей улада проста забыла.
Клаўдзія БОСАК

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей