Адтэрміноўцы не падлягае

  • 1209
  • 11:13
  • 24.01.2008
Поделиться
Яшчэ зусім нядаўна на абласных селектарных нарадах асноўнымі былі пытанні аб правядзенні сяўбы збожжавых, зернебабовых і іншых яравых культур. На гэты раз старшыня аблвыканкама А. С. Якабсон у першую чаргу звярнуў увагу на догляд пасеваў і падрыхтоўку да жніва.
— Да 1 чэрвеня неабходна ўстанавіць новыя зернесушыльныя комплексы і адрамантаваць тыя, якія ёсць, зрабіць усё магчымае па іх сервіснаму абслугоўванню, — напомніў Аляксандр Серафімавіч. — Важная справа адтэрміноўцы не падлягае.
Старшыня аблсельгасхарчу Л. М. Апанасюк звярнуў увагу на нізкія тэмпы хімпраполкі пасеваў, асабліва ў Веткаўскім, Акцябрскім і некаторых іншых раёнах. А вось у Калінкавіцкім, Чачэрскім, Ельскім раёнах не выконваюцца заданні па пасадцы дадатковых плошчаў бульбы, якія вызначаны аблсельгасхарчам. Такія недахопы назіраюцца і ў цэлым па вобласці. Сёлета пасевы цыбулі пашыраны. Плануецца давесці валавы збор прадукцыі да 25 тысяч тон. Каб вырасціць запланаваны ўраджай, трэба больш актыўна разгортваць работы па падкормцы пасеваў, а таксама завозіць сродкі аховы раслін. Іх пакуль у гаспадарках, якія сеюць цыбулю, не хапае, а праз невялікі час трэба будзе ўжо рабіць хімпраполку.
На селектарнай нарадзе гаварылася і аб праблемах садоў, якія пакуль не даюць належнай аддачы. Ці ж гэта парадак, калі яблычнае павідла даводзіцца завозіць у нашу вобласць з Віцебскай? Свае ж прадпрыемствы па перапрацоўцы садавіны прастойваюць з-за недахопу сыравіны, у тым ліку і яблыкаў.
Першы намеснік старшыні аблвыканкама Г.В. Дашкевіч звярнуў асаблівую ўвагу на праблемы ў жывёлагадоўлі. Мала таго, што работнікі ферм не выходзяць на заданні па прыбаўках надояў малака, дык яшчэ і нізкая таварнасць гэтай прадукцыі: па вобласці яна ў сярэднім складае 78 працэнтаў. Рэалізацыя мяса ў жывой вазе складае 1923 тоны, а на мясакамбінаты паступіла толькі 1093,3 тоны — 56, 8 працэнта. Лельчыцкі раён здаў 40 працэнтаў прадукцыі, Рагачоўскі, Кармянскі — і таго менш.
Адзначаліся недапрацоўкі і па іншых напрамках сельскагаспадарчай дзейнасці, якія тэрмінова трэба выпраўляць.
У рабоце селектарнай нарады прыняў удзел памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Гомельскай вобласці В. У. Шчэцька.

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей