“Помню імя тваё...”

  • 2300
  • 11:13
  • 24.01.2008
Поделиться
Расстались мы, но твой портрет
я на груди своей храню...
М. Лермонтов
Гэта — аповяд пра трагічнае і зямное каханне ў час вайны. Пра пачуццё, якога, здавалася б, не павінна быць у жахах ды аскетызме ваенных гадоў. І ўсё ж гэтае ўсеабдымнае пачуццё нярэдка здаралася тады. Бо вайна, нягледзячы на ўсе прынесеныя гора і пакуты, — гэта ж таксама гады чалавечага жыцця. І часта маладыя гады, самой прыродай прызначаныя для шчасця і кахання. І часам менавіта вайна падкідвала такія нечаканыя сюжэты, такія сітуацыі, у якіх адразу няпроста і разабрацца.
Менавіта такая і наша гісторыя.
...Ішоў другі год вайны. Той дзень нічым не адрозніваўся ад іншых у нямецкім аршанскім шпіталі. Штодзённая мітусня і звычная работа. Маладзенькая санітарка Соня Сямірэчанка збіралася дамоў. Спрактыкаванымі рухамі яна скручвала дзесяткі метраў акрываўленых бінтоў, каб вечарам памыць іх дома. Нізка схіліўшыся, неўпрыкмет закладвала ў бінты ўпотай узятыя лекі — чарговую перадачу ў партызанскі атрад.
І раптам быццам штосьці штурханула яе ў спіну. Дзяўчына рэзка павярнулася. І — здранцвела: побач стаяў немец і моўчкі сачыў за яе маніпуляцыямі. Соня наглядна ведала гэтага высокага маўклівага шафёра. Ён быў, калі сутыкаліся, нязменна ветлівы. Але што чакаць ад яго цяпер?
— Ты дзе жывеш? — нарэшце запытаўся немец.
Памярцвелымі губамі яна назвала свой адрас. Ні жывая ні мёртвая прыйшла дамоў. Адмовілася ад вячэры. Моўчкі зашылася на печ.
— Што з табой? Ці не захварэла? — устрывожылася маці.
— Жывот баліць.
Яна ляжала ды напружана прыслухоўвалася да кожнага шораху і скрыпу, чакаючы, калі за ёй прыйдуць. Слёз не было. Толькі сэрца заходзілася ад шкадавання — сябе, мамы. А яшчэ — што не паспела звязацца з сувязной Оляй, і не адразу ў партызанскім атрадзе даўмеюцца, што стала з ёй.
І вось стук у дзверы. Прыйшлі двое — той, высокі, што заспеў яе за крадзяжом лекаў, і ніжэйшы.
— А дзе ж ваша маладая гаспадыня? — крыху пасядзеўшы, запытаўся немец.
— Ды занядужала штосьці.
Яны ціха размаўлялі. Соня чула, як Паўліна Васільеўна, маці, з цікавасцю спытала высокага, адкуль ён разумее рускую мову.
— Ды я ж у Расіі нарадзіўся, у горадзе Энгельс, — адказаў той. — Мяне хлапчуком вывезлі ў Германію.
Пайшлі, так нічога і не сказаўшы. Праз нейкі час Віктар — Соня ўжо ведала яго імя — вылучыў момант, калі дзяўчына была адна, працягнуў ёй важкі скрутак: “Вазьмі”. “Ці не падстава?” — свідранула думка. Але пільна паглядзела ў вочы — і рызыкнула.
У першую ж сустрэчу з сувязной, расказаўшы той аб усім, папрасіла, каб камандзір вырашыў, што рабіць у гэтай сітуацыі.
— Лекі браць, а да немца прыглядацца, — паступіў загад.
Так пачалася гэтая небяспечная сувязь. Неўзабаве Соня злавіла сябе на тым, што думае пра Віктара часцей, чым хацелася. І чым больш яна даведвалася пра жыццё і думкі гэтага намнога старэйшага за яе стрыманага чалавека, тым больш учарашні чужынец рабіўся для яе блізкім. Хутка дзяўчына зразумела, што ўпершыню ў жыцці пакахала.
“Божухна, гэта ж немец, вораг”, — даводзіў розум. Ды сэрца аспрэчвала: але ж ён не выкрыў яе, сам рызыкуе, дапамагаючы нам. Значыць, не вораг?
Маці, якая пакуль нічога не ведала пра сувязь дачкі з партызанамі, усё больш насцярожана адносілася да частых візітаў Віктара. Але і яна ўжо заўважыла, як палыхаюць шчокі і ўспыхваюць вочы ў дачкі пры з’яўленні гэтага чалавека. І трывога захліствала яе сэрца.
Так працягвалася да восені 43-га. Аднойчы вечарам сувязная Оля завітала да іх не ў вызначаны час. Выклікала з хаты Соню і хуценька сказала: “Немцы схапілі нашага. З атрада паступіў загад — ісці ў лес”. У той жа вечар Соня, ледзьве дачакаўшыся Віктара, паведаміла: яе могуць арыштаваць, трэба пакінуць горад і ісці ў атрад.
— Я з табой, — як аб нечым даўно вырашаным цвёрда прамовіў Віктар. Нейкі час прайшоў на ўзгадненне, выраб Віктарам аўсвайсаў. Нарэшце сувязная Оля, Соня, яшчэ адна маладая пара (з ёю Соня пасля здружылася) сустрэліся ў вызначаным месцы. Некалькі хвілін трывожнага чакання — і вось Віктар з неабходнымі дакументамі пад’ехаў на машыне.
Яны ехалі па Лепельскай шашы, іх прапускалі, толькі перад адным з паваротаў нямецкі патруль папярэдзіў: туды не едзьце, там партызаны. Але яны звярнулі як раз на гэтую дарогу. Па лесе ехалі доўга. Скончыўся бензін, заглох матор, машыну давялося кінуць. Далей пешшу дабіраліся да базы.
Соня з Віктарам былі залічаны ў першы батальён Смаленскага партызанскага палка, камандзірам якога быў палкоўнік Садчыкаў. Не, Соня не хадзіла ў разведку ці на спецзаданні, не ўзрывала варожых эшалонаў. Яны з Віктарам былі накіраваны ў сталовую: яна кухарам, ён — яе памочнікам. Ці трэба гаварыць, як стараліся, як ламалі яны галовы, каб з падручных прадуктаў лепш згатаваць ды сытней накарміць партызан.
Неўзабаве Соня з Віктарам згулялі сціплае партызанскае вяселле. І па сённяшні дзень у сям’і захоўваецца даведка, якая сведчыць, што Дзіетц Віктар Фрыдрыхавіч і Сямірэчанка Соф’я Іванаўна з’яўляюцца мужам і жонкай.
Нарэшце Соня паверыла, што ўсё дрэннае за плячамі. Нягледзячы на ўзаемнае каханне і ўвогуле добрыя адносіны таварышаў па атраду, усё ж нейкая няўпэўненасць у іх няпростай сітуацыі захоўвалася. Горычы дадавалі крывыя ўсмешкі, нават мімаходзь кінутыя кпіны асобных мужчын — было, на жаль, і такое.
Цяпер, здавалася, горшае мінула. Ды толькі не ведала, што лёс наканаваў ім больш страшнае выпрабаванне. У 1944-м, калі часці Чырвонай Арміі вызвалілі Аршаншчыну, Соню з Віктарам вывезлі самалётам у Мардовію і там... арыштавалі нкусаўцы.
Увесь жах перажытага там Соф’я Іванаўна не любіць успамінаць. Іх трымалі паасобку, спаць не давалі, на допыты выклікалі ноччу. Ды Соня за сябе не баялася. Сэрца трымцела ад трывогі за лёс каханага: усё ж такі немец. Сама мужна вытрымлівала і бяссонныя ночы, і дзікія неверагодныя абвінавачванні ў шпіянажы. Сілы надавала ўпэўненасць у сваёй праваце, а яшчэ тое, што пад сэрцам насіла дзіця.
Нарэшце іх вызвалілі. І ўсё ж Віктара, хоць і расканваіраванага, абавязалі жыць пры лагеры нямецкіх ваеннапалонных. Віктар уладкаваўся шаўцом, Соня рабочай на падсобнай гаспадарцы пры лагеры. Маладым выдзелілі паўдоміка, і пачалося нялёгкае, але дружнае сямейнае жыццё.
У лістападзе 44-га ў іх нарадзілася дачушка Сонечка. Лёд крыўды ў мужа за недавер з боку ўлады сваім цяплом, дабрынёй, каханнем здолела растапіць маладая жонка. “Што ж ты хочаш, цяпер вайна. Паглядзіш, усё пераменіцца, — даводзіла яна. — Вось пераможам, паедзем да маіх родных. Усё будзе добра”.
І ён паверыў ёй. Успышкамі феерверкаў, усенародным плачам і песнямі адсалютавала Перамога. Жыццё ўваходзіла ў мірнае рэчышча. У гэты час фарміраваўся эшалон для адпраўкі ў Германію першай партыі ваеннапалонных. З гэтым эшалонам ехаў і Віктар. Пабачыцца з роднымі, вырашыць многія пытанні перад тым, як вярнуцца назаўсёды да сям’і ў Беларусь.
Соня з дачушкай на руках амаль у непрытомнасці стаяла на пероне. Такога цяжкага расставання яна потым ніколі не зведала. Віктар і сам не мог стрымаць слёз. Бясконца цалаваў яе заплаканы твар, прыхінаў да сэрца дачушку ды ўсё паўтараў: “Чакайце мяне. Я абавязкова вярнуся”.
Яна цярпліва чакала. Бегала да кожнага цягніка. Вярталася, часам не бачачы сонца, не чуючы шчабятання Сонечкі. Аднойчы да яе падышоў знаёмы і прамовіў: “Не рві сабе душу, жанчынка. Да мяне дайшлі чуткі, што Віктара забілі ў Франкфурце-на-Одэры. Свае, немцы, што ехалі ў адным цягніку. Быццам бы за здраду”.
— Гэта з-за мяне ён загінуў, — закрычала Соня. У вачах яе пацямнела, і жанчына страціла прытомнасць. І ўсё ж, ачнуўшыся, да канца не паверыла ў страшную вестку.
І працягвала чакаць, пакуль, нарэшце, не зразумела: нельга пагружаць сваё жыццё ў нетру адчаю і безвыходнасці. Гэта не можа працягвацца бясконца. У яе — дачка.
У снежні 1946 года Соф’я Іванаўна вяртаецца на радзiму. Неўзабаве ўладкоўваецца на чыгуначны вакзал тэлеграфісткай (перад вайной скончыла адпаведныя курсы і нават паспела папрацаваць па спецыяльнасці).
Прайшлі дзесяцігоддзі. Усе яны патрачаны на ўпартыя, але бесперспектыўныя пошукі мужа. Куды толькі не пісала, куды не звярталася Соф’я Іванаўна! Але адказы не суцяшалі. Вось толькі два з іх: “Нягледзячы на нашыя намаганні адшукаць Вашага мужа... высветліць яго лёс... нам не ўдалося”. Начальнік аддзела бюро вышуку выканкама саюза таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага паўмесяца...” 30 лістапада 1963 года.
Або яшчэ: “Па дадаткова наведзеных даведках нам удалося ўстанавіць, што Ваш муж у 1945 годзе памёр у г. Дрэздэн”.
— Гэта няпраўда, — горача даводзіць Соф’я Іванаўна. — У 1945 годзе ён быў разам са мной і дачкой у Мардовіі. — Усё няпраўда.
Цяпер Соф’і Іванаўне 84 гады. Як жыла яна ўвесь гэты час са сваім такім самаадданым каханнем? У сярэдзіне 60-х, пасля смерці маёй свекрыві, Соф’я Іванаўна, якая жыла па суседству, выйшла замуж за майго свёкра Сямёна Іванавіча. І аднойчы ў мінуту адкрытасці расказала мне гісторыю свайго кахання.
— Я вельмі паважаю Сеню. Ведаю, які ён добры гаспадар. Цаню яго адносіны да мяне. Але — люблю Віктара. Другога такога кахання Бог, мусіць, мне не даў.
Гэта тады мая суразмоўца зняла з шыі медальён і, раскрыўшы яго, паказала пажаўцелы ад часу мініяцюрны партрэцік свайго Віктара: “З ім я ніколі не расстаюся. Са мной ён і ў магілу ляжа. Да скону буду памятаць не толькі імя Віктара, але і наша такое кароткае шчасце”, — светла і тужліва закончыла яна сваю гаротную споведзь.
Усяго каля трох гадоў яны былі разам. Тры гады, хай сабе і трывожнага, але такога напоўненага шчасця. Усё астатняе жыццё — памяць. Але і гэта зусім не мала для яе. За даўнасцю гадоў вобраз каханага не сцёрся з яе сэрца. Памяць часу не належыць.
Праўду сказаў паэт, славуты зямляк Соф’і Іванаўны:
Калі памірае каханне...
Але каханне не памірае.
Яно застаецца ў грудзях лікуючай
тугою слоў,
Безнадзейным болем і непатольнай
пяшчотай...
Каханне не памірае.

Реклама

Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов
Лента новостей