Цяпер я ведаю яшчэ шмат адмецін гэтай зямлі, што прыцягваюць да сябе. Не, не толькі Дняпро... Бэзавым раем, песенным краем хачу назваць зямлю лоеўскую, якая ў кастрычніку стрэне сваё 500-годдзе.У сёлетнім маі мы разам з прафесарам кафедры беларускай літаратуры ГДУ імя Ф. Скарыны Валянцінай Новак не маглі налюбавацца зараснікамі бэзу. Якіх толькі колераў і відаў няма яго на Лоеўшчыне! У пухнатыя гронкі ныралі тварамі. І наўкол у паветры чулі гэты п’янкі пялёсткавы водар. А завіталі, каб паслухаць песні народнага фальклорнага гурта “Лутава”. Жанчыны спявалі на сцэне Сяўкоўскага СДК для работнікаў культуры з усяго раёна на семінары па народнай творчасці. Здавалася, іх песня вырывалася з грудзей, ёй было цесна і ў той прасторнай канцэртнай зале... Яна неслася ў аксамітавыя лугі, да іх родных вёсак Старой і Новай Лутавы, Глушца, да люстраной роўнядзі аднайменнага возера. А абрысы твараў свяціліся такой дабрынёй, што з кожнай можна пісаць абраз. І як тут было не адгукнуцца на запрашэнне гасцінных жанчын даехаць у іх бацькоўскі куточак, адкуль вытокі іх долі, іх песень. Рушылі разам з метадыстам раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці Марыяй Шумігай і дырэктарам Лоеўскага РДК Ларысай Фёдаравай у бок Лутавы, туды, дзе абсягі нашай Беларусі нібы адразаюцца Дняпром ад старажытнага ўкраінскага Любеча.
Мікрааўтобус спыніўся ў Глушцы, на беразе возера, непадалёк ад сціплага абеліска ў бэзавым атачэнні. “Давайце паклонімся нашым салдацікам”, — прамовілі спявачкі. Мы ўчытваліся ў залацістыя радочкі надпісу і дранцвелі ад адчування, на якой святой зямлі стаім: “На гэтым плацдарме ў ноч з 1 на 2 кастрычніка 1943 года батальёны 467-га стралковага палка аднымі з першых у 81-й Калінкавіцкай Чырванасцяжнай ордэна Суворава стралковай дывізіі фарсіравалі раку Днепр. Гэта было пачаткам наступлення дывізіі ў складзе войскаў 61-й арміі па вызваленню Беларусі. За адзнакі ў баях пры фарсіраванні Дняпра і расшырэнні плацдарма імя Героя Савецкага Саюза ўдастоены...” І 22 мужчынскія прозвішчы, па якіх можна чытаць каардынаты абаронцаў Айчыны.
Тут, на маляўнічым узбярэжжы возера Глушэц, каля помніка спявачкі-лутаўчанкі заспявалі рускамоўную “Седину”. І ўзносіліся над хвалямі, ляцелі ў паднябессе згукі, што краналі да слёз:
“Сколько бед, сколько бед принесла нам война!
Седина, ты моя, седина...”
Песня — і як люстэрка іх уласных лёсаў.
Вольга Рэвянок:
— Наша зямлянка была адна на ўсю вуліцу. Дзверы нізенькія. Кожную ноч салдаты прасіліся на начлег. Я да капітана ведала адзнакі. Гукі снарадаў вызначала. Чую, ляціць, і я “бух” на зямлю як той салдат.
Здаецца, я твары іх помню. Мне дванаццаць гадоў было. Адзін зайшоў неяк, мабыць туркмен. Пілотачка ў яго маленькая. Мама гаворыць;: “Шапачка ў цябе малая”. Ён маміны словы пераказаў так: “Малы шапка”.
Пасля фарсіравання Дняпра тут уся зямля была перавернута, зрыта бліндажамі, акопамі. Рыдлёўку нельга было ўсадзіць — скрозь метал. Я знайшла салдацкую сумку з-пад патронаў. Мама пашыла мне з яе кофтачку і спаднічку.
Тры дзядзькі мае на фронце загінулі. Памятаю, як у Дзень Перамогі 1945-га мы з мамай галасілі па іх. А ў 60-ыя лёс адносіў мяне далёка адсюль, аж у Таганрог. Паўтара гады адрабіла на заводзе “Красный котельщик” электразваршчыцай, была стаханаўкай. Ды не вытрымала ад тугі па дому, вярнулася ў Лутаву. Працавала даяркай і цялятніцай. А як сталі мы спяваць, заўважыла нас Ірына Аляксандраўна Рудзько, тагачасны кіраўнік раённага аддзела культуры. Добра дапамагалі нам баяністы, два Пятры — Бондар і Плюшчай, а цяпер Эдуард Пархоменка. Нізкі паклон ім!
Марыя Цыбульнік:
— Возера наша было чырвонае ад крыві людской. І я, шасцігадовая, ужо не баялася з іншымі дзецьмі па трупах набрынялых у вадзе, як па падушках, вунь там, у Баброўніку, да Дняпра пераходзіць... А на зямлі, там, дзе ляжаў паранены ці забіты, — трава парасла высокая, чорная.
Маліцеся Богу, што мы перацеглі ўсё, вынеслі... Лёс так распарадзіўся, што сынок мой, Мікола, на вайну ў Афганістан трапіў. Вярнуўся паранены. Цяпер яму сорак пяць, працуе ў Лоеве.
Таццяна Хлебіна:
— Я ў бацьку ўдалася, чарнявая. На вайну ён пайшоў з двума сынамі, Грышам і Васілём.
Неяк у шпіталі сніцца бацьку: здаравушчая свіння, цэнтнеры тры, у канцы нашага агарода рые, ды так, што ў розныя бакі косці ляцяць, кавалкі мяса. Бацька ўстаў, а сусед па ложку пытаецца: “Чаго, Паўлуша, не спіш?” “Знаеце, хлопцы, — адказвае бацька, — такі сон бачыў, што ўсяго б`е. Пэўна, дома нешта не так”. А адзін паранены запытаў: “У цябе сыны ваююць? Два? Напэўна, на самым канцы вайны аднаго з іх не стане”. Бацька тады за Грышу хваляваўся, бо ён усю вайну быў на перадавой, пайшоў з дому яшчэ ў 1938-м, на дзяйсцвіцельную... А не стала Васіля, меншага. Ён загінуў за чатыры дні да Перамогі, 5 мая 1945-га, на рацэ Одэр, у Германіі... А ў той час яны ўжо з Грышам марылі пра сустрэчу, бо часці іх на той момант злучыліся, нага ў нагу ішлі...
У гасцінным, хлебным доме Хлебіных, што на ўскрайку Глушца, мы слухалі народныя песні-споведзі “Лутавы”. У па-святочнаму прыбранай святліцы з цэлым іканастасам абразоў і спеў жанчын у нацыянальных строях падаўся нам як святая малітва ўдоў. За мілога, што “павёў за Дунаем каня запрагаці”, за сястру-ўдавіцу, што прасілася ў брата перазімаваць, а той не пусціў, калі прызналася: “У мяне дзетак небагата, усяго восем, я дзевята...” Якая ж яна сугучная сённяшняму нашаму жыццю, гэта народная песня! І ці ж ведамы ёй межы? Водгукі яе ляцяць цераз Дняпро, на Украіну, і не ўгадаць, чый жа на самой справе гэты жураў, што хадзіў па беражку? Ці той казак, што ехаў “па нявесту, — пад капытам камень трэснуў, салавейка ў гаі свіснуў?..” Спаконвечная, радзінная, славянская наша песня!
Ой, хто каго верненька любіць,
Той прыйдзе, прыйдзе праз воду...
Тамара Шапавал, кіраўнік “Лутавы”:
— Вы ўпэўніліся, што жывучы тут, у гэтай прыродзе, не спяваць нельга. “Лутава” — гэта маё жыццё. Працую ў бібліятэцы, у 45-гадовым узросце скончыла культпрасветвучылішча. Спяваем мы разам 18 гадоў. Я ўдзячна сваім жанчынкам, што ў любую пару пакліч іх для выступлення — і яны збяруцца. Прытупаюць, як ні цяжка, гэтыя два кіламетры між вёскамі, ці коніка запражэ Марыя Цыбульнік, і з’едуцца. А такіх песень, як у нас, вы нідзе не пачуеце!
Валянціна Кошчанка:
— Увесь век тут жыву, у Глушцы. Дваццаць гадоў на ферме адпрацавала. Дзяцей было чацвёра, цяпер трое... З маім лёсам... Калі б я не ездзіла спяваць, то ці б жыла?
Галіна Чэрнянок:
— Я таксама глушэцкая. Вельмі люблю “Ой, хадзіў жураў”. Яна мне лёгка спяваецца. Дзеці раз’ехаліся, толькі Валя бліжэй усіх, у Бывальках. Дачка і сын у Мінску жывуць, яшчэ адзін сын у Добрушскім раёне. Васьмёра ўнукаў маю.
Вера Рэвянок:
— А мяне ў Лутаву аж з Магілёўшчыны занесла. Колісь у тую ж школу хадзіла ў Александрыі, што і Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, наш Прэзідэнт.
Ужо паўвека на Гомельшчыне. Спачатку працавала па размеркаванню пасля сельгастэхнікума ў Брагінскім раёне. Аграномам, брыгадзірам, даяркай, бібліятэкарам, пошту насіла 14 гадоў. Гаспадар мой памёр, сын жыве ў Светлагорску, дачка — на Буда-Кашалёўшчыне. А песня мая любімая “Расці, расці калінонька”...
Ды не, не толькі лірычны рэпертуар у “Лутавы”. Ёсць і задзірыстыя прыпеўкі, што клічуць ускокі, накшталт:
Палюбіць, дык палюбіць
Прыгожага, вясёлага!
А такога — нечага,
Каторы дрэме з вечара!
І з сябе саміх лутаўчанкі могуць паіранізаваць, прыгадаць прымаўку: “Пела, як бацькоўскі хлеб ела, а як стала свой, дык і голас не той!”
“Лутава” — народны гурт у самым высокім вызначэнні слова. Мару пра тое, каб калектыў адзначылі на дзяржаўным узроўні, узнагародзілі адпаведна за беражлівае захаванне песень і абрадаў роднай Беларусі. Яны шмат ездзяць, выступаюць. Днямі былі ў Чачэрску, на абласным фестывалі фальклору. Шчодра дзеляцца сваім майстэрствам з дзіцячым гуртом-спадарожнікам у вёсцы Сяўкі. Перадаюць дзяўчаткам-школьніцам калядныя, купальскія, вясельныя песні сваіх матуль. Згадваюць ім пра сваё, перажытае: як пасля вызвалення краю з вясковымі ўдовамі ўпрагаліся і валачылі за сабой плугі. Каб узараць і засеяць палеткі, вырвацца з нішчымніцы і гора.
Для ўсіх іх, лутаўчанак, застаецца Радзімай гэты лапік зямлі ў пойме Дняпра. Галоўны рубеж іх лёсу, з якога ўжо не сысці ім у нябыт безыменнымі. Спявайце, цётачкі!
Реклама
Другие статьи раздела
Самое читаемое
-
Змеи Беларуси – кого стоит бояться?
- 15:08
- 04.10.2018
- 238683
-
В Гомеле после капремонта открылось общежитие для студентов медуниверситета
- 15:36
- 29.12.2020
- 208954
-
Сегодня в Гомеле начинают отключать отопление в квартирах
- 09:23
- 04.05.2021
- 172575
-
Блогер-тракторист из Хойников уехал в Латвию, а теперь рассказывает сказки о том, что у него хотели забрать ребенка
- 12:54
- 12.01.2021
- 156997
-
Как мы работаем и отдыхаем в мае
- 10:54
- 01.04.2019
- 145922
-
КСУП «Агрокомбинат «Холмеч» опираются на профессионализм людей – и это приносит результат
- 17:29
- 26.09.2020
- 138419
-
В Гомельском районе молодожены, возвращаясь со своей свадьбы, спасли пострадавших в ДТП
- 09:47
- 01.10.2019
- 134198
-
Кто протягивает руку первым, а кто, здороваясь, извиняется: правила хорошего тона
- 18:47
- 12.02.2017
- 118988
-
В Беларуси на этой неделе ожидается до +20°С
- 14:38
- 29.10.2018
- 115880
-
В Беларуси на этой неделе ожидается до +20°С
- 14:38
- 29.10.2018
- 115877


